Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі апублікавала дэклярацыю Высокага прадстаўніка ад імя ЭЗ з нагоды сытуацыі каля мяжы.
«Сплянаванае выкарыстаньне беларускім рэжымам уразьлівых людзей у якасьці інструмэнту для дасягненьня палітычных мэтаў апошнім часам набыло трывожнае вымярэньне. Групы мігрантаў у суправаджэньні ўзброеных супрацоўнікаў сілавых структураў Беларусі ідуць да межаў краінаў – сяброў ЭЗ для таго, каб незаконна празь іх прарывацца.
Гэта сьведчыць пра цынізм беларускага рэжыму, які, распальваючы крызіс на вонкавых межах ЭЗ, спрабуе адвесьці ўвагу ад сытуацыі ў краіне, дзе жорсткія рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека працягваюцца і нават пагаршаюцца.
ЭЗ рашуча асуджае рэжым Лукашэнкі за тое, што ён сьвядома ставіць у небясьпеку жыцьцё і дабрабыт людзей. Гэтым ён ня толькі парушае міжнароднае права, але і ігнаруе фундамэнтальныя правы чалавека, у дачыненьні да якіх Беларусь узяла на сябе абавязкі. Такія бесчалавечныя дзеяньні патрабуюць рашучай міжнароднай рэакцыі і супрацоўніцтва, каб прыцягнуць рэжым Беларусі да адказнасьці за гэтыя парушэньні.
Міжнародным арганізацыям неабходна даць неадкладны і бесьперашкодны доступ да людзей для дастаўкі ім гуманітарнай дапамогі.
Мы цалкам салідарныя зь дзяржавамі-сябрамі, якія пацярпелі ад гэтага гібрыднага нападу, і працягнем аказваць дапамогу тым, хто зазнаў найбольш непасрэднае ўзьдзеяньне. Фундамэнтальныя каштоўнасьці будуць і далей кіраваць нашымі дзеяньнямі, асабліва ў пытаньні абароны правоў чалавека ў дачыненьні да мігрантаў.
Мы шчыльна ўзаемадзейнічаем з краінамі паходжаньня і транзыту, каб пакласьці канец дзеяньням Лукашэнкі. Гэта таксама адпавядае інтарэсам грамадзян краінаў паходжаньня. Мы вітаем намаганьні такіх краінаў, як Ірак, якія робяць канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку».
Эўразьвяз пашырыць санкцыі супраць беларускага рэжыму, а таксама разгледзіць «далейшыя абмежавальныя меры супраць вінаватых», і будзе падтрымліваць народ Беларусі, гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя санкцыі супраць Беларусі ўвядуць ужо на пачатку наступнага тыдня