«У нас папярэдне адбыліся сустрэчы з нашымі выведнікамі, сілавікамі. Мы атрымалі інфармацыю, і ўчора была справаздача міністраў унутраных спраў і абароны прэзыдэнту. Менавіта пасьля гэтага прэзыдэнт ухваліў рашэньне пра правядзеньне пасяджэньня Рады нацбясьпекі. Гэта было пытаньне нумар адзін, ключавое пытаньне», — паведаміў Аляксей Данілаў па выніках пасяджэньня 10 лістапада.
Паводле яго, усе адпаведныя ведамствы атрымалі «неабходныя ўказаньні, якія найбліжэйшым часам будуць аформленыя ў нарматыўны дакумэнт, і яго будуць выконваць».
«У нас будзе адэкватны адказ згодна з нашым заканадаўствам, усіх сілаў і сродкаў будзе больш чым дастаткова, і якраз гэтае пытаньне абмяркоўвалі», — падкрэсьліў Аляксей Данілаў.
У сваю чаргу, міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі дадаў, што для ўзмацненьня аховы мяжы зь Беларусьсю будуць залучаныя сілы Нацыянальнай гвардыі, паліцыі, а таксама тэрытарыяльнай абароны.
«Мы рыхтуемся да сцэнараў, падобных тым, што адбываюцца цяпер на польска-беларускай мяжы. Мы ўжо вызначылі найбольш імаверныя ўчасткі, магчымыя для масавага знаходжаньня мігрантаў на тэрыторыі каля межаў Украіны. Адказ украінскіх праваахоўнікаў будзе жорсткі, дакладны, карэктны і ў межах законаў», — удакладніў міністар.
Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Іван Баканаў падкрэсьліў, што галоўная мэта — аб’яднаць усе намаганьні, каб не дапусьціць незаконных мігрантаў на тэрыторыю Ўкраіны.
«Мы ўжываем усе неабходныя захады, каб мяжа была на замку. Паверце, плян ёсьць», — запэўніў Іван Баканаў.