Пуцін і Лукашэнка абмеркавалі сытуацыю зь мігрантамі на межах з Польшчай і Літвой

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Адбылася тэлефонная размова прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміла ў аўторак прэс-служба Крамля.

«Закрануты шэраг пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва з улікам вынікаў пасяджэньня Вышэйшага Дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы, якое прайшло 4 лістапада. Пацьверджаны настрой на далейшае разьвіцьцё ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў у духу партнэрства і саюзьніцтва», — гаворыцца ў паведамленьні.

Раней у Менску таксама паведамілі, што Лукашэнка і Пуцін удзень 9 лістапада абмеркавалі праз тэлефон сытуацыю на мяжы Польшчы і Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз прыпыніў спрошчаны візавы рэжым для афіцыйных асобаў Беларусі

«Асаблівае месца ў размове заняло абмеркаваньне сытуацыі на беларуска-польскай мяжы, а таксама жорсткіх дзеяньняў польскага боку ў адносінах да мірных людзей», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі ў аўторак.

Пры гэтым, як было падкрэсьлена, асаблівую заклапочанасьць выклікаюць факты сьцягваньня на мяжу рэгулярных войскаў Польшчы, зазначае прэс-служба. «Кіраўнікі дзяржаў у дэталях абмеркавалі трывожныя факты і тэндэнцыі, якія адбываюцца на беларуска-польскіх рубяжах», — сказана ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс на мяжы: што адбываецца 9 лістапада. ОНЛАЙН