Эўразьвяз прыпыніў спрошчаны візавы рэжым для афіцыйных асобаў Беларусі

Сьцяг Эўразьвязу

Эўразьвяз прыпыніў дзеяньне правілаў спрашчэньня візавага рэжыму для афіцыйных асобаў Беларусі. Рашэньне стала адказам на гібрыдную атаку, якая працягваецца з боку рэжыму, гаворыцца ў заяве ЭЗ.

Звычайных грамадзян Беларусі гэтае рашэньне не закране, яны па-ранейшаму будуць карыстацца льготамі паводле пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму.

«Мы рашуча асуджаем і не прымаем выкарыстаньне міграцыі беларускім рэжымам. Для Беларусі недапушчальна гуляць жыцьцямі людзей у палітычных мэтах. Гэтае рашэньне яшчэ раз дэманструе нашую прыхільнасьць супрацьдзеяньню гэтай гібрыднай атацы, якая працягваецца», — цытуе «Настоящее время» кіраўніка МУС Славеніі Алеша Хойса, які ўзначальвае Раду ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс на мяжы: што адбываецца 9 лістапада. ОНЛАЙН

Адпаведнае рашэньне апублікуюць у афіцыйным часопісе ЭЗ. Яно набудзе моц на наступны дзень пасьля публікацыі.

Улады Польшчы, Латвіі і Літвы сутыкнуліся зь міграцыйным крызісам у раёнах уздоўж мяжы зь Беларусьсю ўлетку гэтага году. Нягледзячы на ўвядзеньне надзвычайнага становішча і будаўніцтва капітальных платоў, сытуацыя не мяняецца.

8 лістапада сытуацыя абвастрылася на мяжы з Польшчай, куды прыйшла калёна мігрантаў. Яны разьбілі намётавы лягер ля мяжы, асобная група людзей разбурыла агароджу з калючага дроту на адным з участкаў мяжы.

За мінулыя суткі польскія памежнікі спынілі звыш 300 спробаў незаконна перасекчы мяжу. Раніцай 9 лістапада зьявіліся паведамленьні пра новыя стрэлы на беларуска-польскай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія памежнікі прадухілілі ўвоз у Беларусь чвэрці тоны гашышу

Улады ЭЗ заяўляюць, што да перакідваньня мігрантаў маюць прамое дачыненьне беларускія сілавікі і сваякі Лукашэнкі, і лічаць тое, што адбываецца, часткай «гібрыднай вайны», якую Беларусь вядзе з ЭЗ. Мігрантаў дастаўляюць у Менск пры дапамозе дзяржаўнай турыстычнай кампаніі, а на мяжу прывозяць у суправаджэньні сілавікоў. У сувязі з гэтым ЭЗ зьбіраецца прыняць пяты пакет санкцый супраць Беларусі.