Як паведамляе Памежная служба Польшчы, у справе затрымалі двух кіроўцаў.
Грузавік затрымалі для агляду 9 кастрычніка, на трасе E30. Памежнікі мелі інфармацыю, што ў адным з грузавых аўтамабіляў можа перавозіцца значная колькасьць наркотыкаў з адной з заходнеэўрапейскіх краін.
У выніку агляду і вобшуку аўтамабіля з сабакам, навучаным выяўляць наркотыкі, высьветлілася, што ў канструкцыі прычэпа схавана 14 спартовых торбаў з авальнымі кубікамі карычневага колеру. Аналіз, праведзены ў лябараторыі судовай экспэртызы памежнай службы ў Варшаве, паказаў, што гэта гашыш высокай якасьці.
У сувязі з раскрытым незаконным транспартам затрымалі двух мужчын, грамадзян Літвы, якія ехалі на грузавіку. Пракурор абвінаваціў іх ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе і спробе вывазу гашышу з тэрыторыі Польшчы ў Беларусь у вялікіх колькасьцях. Падазраваных зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар. За ўчыненыя дзеяньні ім пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 15 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс на мяжы: што адбываецца 9 лістапада. ОНЛАЙН