Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве, лідэр галоўнай апазыцыйнай партыі Польшчы «Грамадзянская плятформа» заявіў, што ён вельмі занепакоены тым, што адбываецца і «што хутчэй за ўсё будзе адбывацца ў наступныя гадзіны на нашай усходняй мяжы».
«Праблема ў тым, што ніхто з нас ня ведае, што польскі ўрад зьбіраецца рабіць. Беручы пад увагу факт, што ў ціск на мяжы і ў арганізацыю групаў мігрантаў замяшаныя беларускія службы, гэтая пагроза больш сур’ёзная, чым проста нелегальная міграцыя», — сказаў Туск.
«Магчыма, ужо час падумаць, ці не прыйшоў час пачаць рэалізацыю 4-га артыкулу NATO. Калі нашая мяжа будзе пад пагрозай фізычнага ціску пры ўдзеле беларусаў, я маю на ўвазе беларускія службы, то, думаю, гэта нагода пачаць кансультацыі ў рамках Паўночна-атлянтычнага альянсу. Бо гэта ўжо датычыць бясьпекі ўсёй усходняй мяжы ЭЗ і NАТО, такіх краін як Польшча і Літва». — сказаў Туск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая калёна мігрантаў прыйшла да польскай мяжы ў суправаджэньні ўзброеных асоб. ВІДЭАШто такое 4-ты артыкул NATO
Згаданы Тускам артыкул прадугледжвае правядзеньне надзвычайных кансультацый у NATO, калі адна з краін альянсу лічыць, што яе незалежнасьць, тэрытарыяльная цэласнасьць або бясьпека апынуліся пад пагрозай. Артыкул гучыць так:
«Бакі будуць кансультавацца разам, калі — на думку любога зь іх — тэрытарыяльная цэласнасьць, палітычная незалежнасьць або бясьпека любога з бакоў знаходзяцца пад пагрозай».
Наступны артыкул Статуту NATO, 5-ы, прапісвае дзеяньні краін супольнасьці ў выпадку нападу на адну або некалькі краін альянсу. Гэты артыкул абавязвае разглядаць такі напад як атаку на альянс у цэлым. Ён ужываўся толькі аднойчы ў гісторыі — пасьля тэрактаў у ЗША 11 верасьня 2001 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачалася найбуйнейшая спроба гвалтоўнага ўваходу ў Польшчу», — польскі ўрад пра калёну мігрантаў