Гэта азначае, што ня толькі яна сама ня зможа ўехаць на ўкраінскую тэрыторыю, але і ўсе фільмы, у якіх яна здымалася, ня змогуць атрымаць ва Ўкраіне дзяржаўнае пасьведчаньне на пракат і распаўсюджаньне.
Марына Дзянісава выканала ролю Ніны Наважылавай у расейскім фільме «Санцапёк», які расказвае пра падзеі ва ўкраінскім горадзе Луганску ў 2014 годзе, калі там пачаліся баявыя дзеяньні. Практычна ўсе акторы, якія здымаліся ў гэтым фільме, уключаныя ў пералік асобаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны.
У фільме здымаўся яшчэ адзін актор беларускага паходжаньня — заслужаны артыст Расеі Аляксандар Саланенка (нарадзіўся ў Быхаве Магілёўскай вобласьці, з 1990 году працуе ў тэатры імя Ленсавету). Але ён пакуль ня трапіў пад украінскія санкцыі.
Афіцыйны трэйлер фільму «Санцапёк»
Што вядома пра Марыну Дзянісаву
- Марына Дзянісава нарадзілася ў 1983 годзе ў Нямеччыне. У 2004 годзе яна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Спачатку працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя М.Горкага (2003–2004), а потым — у Тэатры беларускай арміі (2004–2015). З 2015 году акторка жыве ў Маскве.
- За час сваёй тэатральнай кар’еры ў Менску яна атрымала прыз у тэатральным конкурсе міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» (2005), перамагла ў намінацыі «Найлепшая акторская праца ў спэктаклі для дзяцей» на Беларускім нацыянальным конкурсе тэатральнага мастацтва (2014).
- У 2016 годзе Марына Дзянісава атрымала Нацыянальную тэатральную прэмію як найлепшая драматычная акторка году — за ролю першай жанчыны ў спэктаклі «Ілюзіі» Івана Вырыпаева.