Facebook-суполку супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці ўнесьлі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Пратэст супраць працы акумулятарнага заводу ў Берасьці, 26 красавіка 2020

Міністэрства інфармацыі абнавіла рэспубліканскі сьпіс эстрэмісцкіх матэрыялаў. Туды трапіла і супольнасьць праціўнікаў будаўніцтва шкоднай вытворчасьці пад Берасьцем.

У сьпіс унесьлі суполку Facebook «Брест против строительства завода свинцовых АКБ». Рашэньне аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі суполкі «экстрэмісцкай» прыняў Ленінскі суд Берасьця 27 кастрычніка.

Мясцовыя жыхары і грамадзкія актывісты Берасьця пратэставалі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу з 2017 году. Пры будаўніцтве і пробным запуску было выяўлена шмат парушэньняў, на якія ўлада не зьвяртала ўвагі.

Міліцыя затрымлівала людзей на мірных акцыях «кармленьня галубоў». Адбываліся масавыя хвалі рэпрэсій супраць праціўнікаў прадпрыемства: буйныя штрафы, суткі зьняволеньня, пагрозы, розныя формы ціску, кампаніі ў дзяржаўных СМІ, каб ачарніць актывістаў, крымінальныя справы.

Блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін, якіх у красавіку 2021 году пакаралі 3 гадамі калёніі агульнага рэжыму, таксама былі актывістамі берасьцейскай кампаніі супраць будаўніцтва заводу, адным з уладальнікаў якога пасьля падзей жніўня 2020 году стаў набліжаны да Лукашэнкі хакейны дзеяч Дзьмітры Баскаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для нас гэта як Курапаты». Ці вераць берасьцейцы ў тое, што ўлады закрыюць акумулятарны завод

Яшчэ адным папаўненьнем сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў стала старонка сацыяльнай сеткі «Аднаклясьнікі» з назвай «Таракашка Ус». Гэта першая супольнасьць гэтай сацыяльнай сеткі, якая трапіла ў адпаведны сьпіс. Але ўлады зьвярталі ўвагу на «Аднаклясьнікі» і раней — ужо некалькі беларусаў асудзілі ў крымінальных справах за камэнтары ў ёй пра Лукашэнку, ягоных чыноўнікаў і сілавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 кастрычніка: былога інжынэра «Атланта» арыштавалі трэці раз запар, 3 гады «хіміі» за абразу сілавікоў у Полацку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вольна гаворыць па-беларуску». Што новага ў палітвязьняў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба будзе вырашаць, што мы робім з Астравецкай АЭС». Дырэктарка «Экадому» пра рэпрэсіі і рашэньне на Орхускай канвэнцыі