«Канстытуцыйная камісія прапанавала свае варыянты, а цяпер група спэцыялістаў працуе над дашліфоўкай, прапісвае ўсё юрыдычнай мовай. Я атрымаў апошні варыянт Канстытуцыі з улікам нашых апошніх дамоўленасьцяў», — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.
Ён зазначыў, што неабходна адпрацаваць прынцыповыя пытаньні, якія тычацца падрыхтоўкі канстытуцыйных зьменаў. Галоўныя —
- замацаваньне ролі Ўсебеларускага народнага сходу,
- пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў паміж органамі ўлады,
- захаваньне збалянсаванасьці дзяржапарату.
Пры гэтым Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь павінна застацца прэзыдэнцкай рэспублікай. І ўжо звыкла спаслаўся на тое, што «за ўладу не трымаецца».
«Я абсалютна перакананы: Беларусь павінна быць прэзыдэнцкай рэспублікай, калі мы хочам захаваць краіну. І Ўсебеларускі народны сход уводзіцца не таму, што нехта або дзейны прэзыдэнт так ірвецца на гэтую пасаду, а дзеля таго, каб забясьпечыць, як юрысты гавораць, стрымліваньне і супрацьвагу. Гэта адна з фундамэнтальных рэчаў, на гэтым будуюцца ўсе законы і заканадаўчыя акты, і перш за ўсё Асноўны закон», — падсумаваў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка мэнтальна пакуль не гатовы зьмірыцца, што давядзецца некаму перадаваць уладу», — КласкоўскіУсебеларускі народны сход у новай Канстытуцыі можа атрымаць статус вышэйшага прадстаўнічага органа, паведаміла старшыня Савету рэспублікі Натальля Качанава.
«Плянуецца, што гэта будзе найвышэйшы прадстаўнічы орган нашай краіны. Адпаведна, трэба дакладна вызначыць паўнамоцтвы, хто можа быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. У выбудаванай структуры дзяржаўнай улады зьяўляецца новы орган і ён павінен быць інтэграваны ў нашу структуру. Я лічу, што гэта абсалютна правільна, бо ў нас уся ўлада належыць народу і, зразумела, народ павінен вызначаць ключавыя моманты ў гісторыі і разьвіцьці Беларусі», — сказала чыноўніца.
У ліку «сур’ёзных паўнамоцтваў» Усебеларускага народнага сходу, паводле Натальлі Качанавай, могуць быць некаторыя кадравыя пытаньні і магчымасьць адмены рашэньняў дзяржорганаў.
У склад працоўнай групы ў дапрацоўцы праекту Канстытуцыі ўвайшлі больш за тры дзясяткі чалавек, ніводзін прадстаўнік грамадзянскай супольнасьці да супольнай працы не запрошаны. Сярод «рэфарматараў»:
- кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка,
- старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава,
- намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Аляксандар Рахманаў,
- кіраўнік апарату Савету Міністраў Канстанцін Бурак,
- намесьніца старшыні Канстытуцыйнагу суду Натальля Карповіч,
- старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда ды іншыя.
Канстытуцыйны рэфэрэндум анансаваны на люты 2022 году, дакладная дата пакуль не называецца.