У Беларусі ўдвая павялічыўся ліміт звышмернай працы мэдыкаў

Ілюстрацыйнае фота

Размова ідзе пра дзейнасьць мэдыкаў для аказаньня дапамогі пацыентам па-за асноўнай працай.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі пастановай № 113 ад 22 кастрычніка павялічыла дазволены ліміт звышурочнай працы для мэдыкаў. Дакумэнт 4 лістапада афіцыйна апублікаваў Нацыянальны прававы партал, ад сёньня ж пастанова набыла моц.

Як вынікае з пастановы, у 2021–2022 гадах у выключных выпадках пры дадатковым прыцягненьні мэдычных работнікаў для аказаньня неабходнай дапамогі пацыентам працягласьць працы, якая выконваецца гэтымі работнікамі звыш працягласьці працоўнага часу на асноўнай працы, не павінна перавышаць 1800 гадзін на год.

Раней вызначаны ліміт складаў 900 гадзін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе трымаюцца за „ковідныя“ грошы». Як перажываюць каранавірус у невялікіх мястэчках

Патрэба ў прыцягненьні мэдыкаў зь іншых аддзелаў асабліва павялічылася пасьля наступленьня пандэміі каранавірусу. На гэты момант у Беларусі ідзе чацьвёртая хваля COVID-19, афіцыйная статыстыка захварэлых і памерлых не адлюстроўвае сапраўдных маштабаў трагедыі. Паводле некалькіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, папраўдзе колькасьць ахвяраў пандэміі большая за пададзеныя Міністэрствам аховы здароўя лічбы ў некалькі разоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чацьвёртую хвалю сустракаем, як і першую». Доктар Мартаў — пра цану хлусьні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крызіс у мэдыцыне. Чаму Беларусь не ўратуюць высокія тэхналёгіі