Ва Ўкраіне адправілі ў адстаўку 5 міністраў

Вярхоўная Рада Ўкраіны

Сёньня Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла просьбу аб адстаўцы міністра абароны Андрэя Тарана

Тарана на пасадзе міністра неаднаразова крытыкавалі дэпутаты — чальцы камітэту ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Вярхоўнай Рады. Сам ён называў гэтую крытыку «праблемнымі момантамі» ў супрацоўніцтве з парлямэнтарыямі.

Андрэй Таран быў міністрам абароны з 4 сакавіка 2020 году.

Таксама сёньня ўкраінскі парлямэнт падтрымаў адстаўку Аляксея Рэзьнікава з пасады віцэ-прэм’ера і міністра ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны, Рамана Абрамоўскага — з пасады міністра абароны навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў, Алексея Любчанкі — з пасады віцэ-прэмʼера і міністра эканомікі, Алега Ўрускага — віце-прэмʼера і міністра ў пытаньнях стратэгічных галінаў прамысловасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна з 1 лістапада зьбіралася купляць электраэнэргію ў Беларусі. Ці адбылося гэта?

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапанаваў Радзе прызначыць новым міністрам абароны Аляксея Рэзьнікава, адпраўленага сёньня ў адстаўку з пасады віцэ-прэм’ера і міністра ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый.