Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (САЗ) рэкамэндавала выкарыстоўваць для прышчэпак супраць каранавірусу вакцыну Covaxin. Яе распрацавала і вырабляе індыйская кампанія Bharat Biotech.
Пра гэта арганізацыя паведаміла ў Twitter 3 лістапада. Прэпарат стаў сёмым на сёньня, які яна ўхваліла для прышчэпак супраць COVID-19.
«САЗ дазволіла экстранае ўжываньне Covaxin, дапоўніўшы сьпіс вакцын, які пашыраецца, для прадухіленьня заражэньня каранавірусам», — гаворыцца ў публікацыі.
Паводле экспэртаў, вакцына адпавядае стандартам САЗ па абароне ад COVID-19, а карысьць ад яе ўжываньня нашмат пераўзыходзіць рызыкі.
Прэпарат рэкамэндаваны людзям, старэйшым за 18 гадоў. Яго ўводзяць дзьвюма дозамі з інтэрвалам у 28 дзён.
- Covaxin — вакцына супраць COVID-19, створаная на аснове інактываванага вірусу SARS-CoV-2.
- Улетку сёлета кампанія Bharat Biotech паведамляла, што яе вакцына паказала эфэктыўнасьць 77,8% па выніках трэцяй фазы клінічных выпрабаваньняў. Вакцына абараняе ад цяжкіх формаў хваробы і штаму Дэльта.
- Раней прэпарат атрымаў дазвол на ўжываньне ў экстраных сытуацыях у шэрагу краін, у тым ліку ў Бразыліі і ў самой Індыі.