Пад Іркуцкам разьбіўся грузавы самалёт беларускай авіякампаніі «Гродна»

Ілюстрацыйнае фота

Самалёт Ан-12 беларускай авіякампаніі «Гродна» разьбіўся пад Іркуцкам, паведамляе агенцтва ТАСС. Борт рухаўся па маршруце Якуцк — Іркуцк.

Паводле ўдакладненых зьвестак МНС, на борце знаходзіліся, паводле ўдакладненай інфармацыі, дзевяць чалавек: трое грамадзян Беларусі, чацьвёра грамадзян Расеі і двое грамадзян Украіны. Усе загінулі.

Паветранае судна эксплюатавала беларуская авіякампанія «Гродна». Магчымымі прычынамі надзвычайнага здарэньня лічаць умовы надвор’я або тэхнічную няспраўнасьць.


Паводле расейскага тэлеграм-каналу @breakingmash, грамадзяне Беларусі, якія былі на борце — штурман Андрэй Сяргееў, інжынэр Дзьмітры Гармоненка, авіяцыйны інжынэр Максім Карпук. Камандзір Аляксандар Ягораў і бортмэханік Юры Кропалеў былі з Расеі, пілёты Алег Шчучко і Аляксандар Чупрыненка — з Украіны. У МЗС Беларусі Onliner пацьвердзілі апублікаваны Mash сьпіс ахвяраў. У той жа час там маглі быць тыя, хто суправаджаў груз.

Байкала-Ангарская транспартная пракуратура правярае інфармацыю пра людзей, якія знаходзіліся на борце самалёта. Ня выключана, што, апроч чальцоў экіпажу, там маглі быць і пасажыры, паведамляе Interfax са спасылкай на транспартнага пракурора Сяргея Цэдзіка. «Цяпер „Гродна“ ня можа дакладна сказаць, усё ж 7 ці 9 чальцоў экіпажу было. Цяпер мы правяраем дадзеныя аб асобах, якія былі заяўленыя ў палёт. Вось пытаньне па гэтых дваіх цывільных», — сказаў ён.

«Паводле папярэдніх дадзеных, месца падзеньня знойдзена — гэта раён вёскі Піваварыхі, недалёка ад аэрадрома. Самалёт пры пасадцы заходзіў на другі круг і зьнік з радараў», — паведамілі ТАСС у Сібірскім авіяцыйна-пошукавым ратавальным цэнтры.


Пры падзеньні Ан-12 загарэўся, побач зь ім загарэлася трава. Плошча ўзгараньня склала 300 квадратных мэтраў, у 15:51 па маскоўскім часе адкрытае гарэньне ліквідавалі.

Па факце крушэньня самалёта Ан-12 завялі крымінальную справу паводле ч.3 арт. 263 КК РФ («Парушэньне правілаў бясьпекі руху і эксплюатацыі чыгуначнага, паветранага, марскога і ўнутранага воднага транспарту»).

Самалёт Ан-12 з бартавым нумарам EW-518TI эксплюатаваўся з 1968 году, вынікае з дадзеных сайта russianplanes.net. Беларуская авіякампанія «Гродна» пачала эксплюатаваць борт у 2019 годзе.


Вядома, што самалёт вёз тавары народнага спажываньня ў чукоцкі аэрапорт Кепервеем. Стартаваў у Беларусі і туды ж павінен быў вярнуцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баранавічах разьбіўся вайсковы самалёт, два пілёты загінулі. Што пра іх вядома