Леху Валэнсу высунулі абвінавачаньні ў крымінальным злачынстве

Лех Валэнса, архіўнае фота

Былога прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсу выклікалі ў пракуратуру ў справе, якая тычыцца яго сьведчаньняў пра падробку подпісаў на дакумэнтах Службы бясьпекі. Сьледчыя абвінавацілі Валэнсу ў ілжывых паказаньнях. У заканадаўстве Польшчы гэта крымінальнае злачынства.

Валэнсу дапыталі ў пракуратуры ў якасьці падазраванага. Экс-прэзыдэнт сваёй віны не прызнаў і даваць тлумачэньні адмовіўся.

Абвінавачаньні тычацца сьцьвярджэньняў Валэнсы аб тым, што ён не супрацоўнічаў з польскай Службай бясьпекі ў сваю бытнасьць лідэрам апазыцыі і лідэрам прафсаюзу «Салідарнасьць».

Доказы адваротнага знайшліся ў 2016 годзе ў доме былога міністра ўнутраных спраў Польшчы генэрала Чэслава Кішчака. Тады знайшлі папку з дакумэнтамі, нібыта падпісанымі Лехам Валэнсам пад псэўданімам «Болек», якія пацьвярджалі яго супрацоўніцтва са спэцслужбамі. Валэнса сьцьвярджаў, што яго подпіс падроблены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валэнса — беларусам: дамагацца хлеба трэба праз барацьбу за свабоду, а не наадварот

Аднак графалягічная экспэртыза па так званай «справе Болека» — абвінавачаньнях супраць былога прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы ў супрацоўніцтве са спэцслужбамі камуністычнай Польшчы — даказала, што лідэр «Салідарнасьці» быў агентам польскіх спэцслужбаў на працягу многіх гадоў.

Валэнса неаднаразова абвяргаў абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з камуністычным рэжымам, а ў інтэрвію Бі-бі-сі на мінулым тыдні пракамэнтаваў выпады на свой адрас словамі: «Пераможцаў ня судзяць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можа «сексот» быць нацыянальным героем?