Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон аб будаўніцтве ўмацаваньня на дзяржаўнай мяжы, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы. На польскай мяжы, якая зьяўляецца вонкавай мяжой ЭЗ, будзе створаны бар’ер. Умацаваньне каштуе каля 350 млн эўра.
Законапраект, падрыхтаваны Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, павінен спрасьціць тэрміновае будаўніцтва ўмацаваньня.
Закон павінен набыць моц на наступны дзень пасьля яго публікацыі. У чацьвер кіраўнік МУС Марыюш Каміньскі заявіў, што «мы можам дазволіць сабе ўмацаваньне», а адпаведныя сродкі будуць выдзеленыя.
Эўразьвяз абвінавачвае Аляксандра Лукашэнку ў арганізацыі міграцыйнага крызісу, каб адпомсьціць за санкцыі, уведзеныя пасьля рэпрэсій супраць іншадумцаў, грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры асобы са зброяй праніклі зь Беларусі ў Польшчу. Варшава выказала пратэст