Тры асобы са зброяй праніклі зь Беларусі ў Польшчу. Варшава выказала пратэст

Памежная служба Польшчы

2 лістапада МЗС Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксандра Часноўскага. Размова датычыла ўварваньня на тэрыторыю Польшчы з тэрыторыі Беларусі ўзброеных людзей без апазнавальных знакаў. У Нямеччыне тым часам за першыя дні лістапада прадухілілі 224 спробы перасячэньня мяжы.

Здарэньне адбылося ў ноч з 1 на 2 лістапада. Як паведаміў прэс-сакратар польскіх спэцслужбаў Станіслаў Жарын, у 01:45 польскія жаўнеры заўважылі на тэрыторыі Польшчы трох чалавек у форме са зброяй. Пасьля таго, як польскі патруль паспрабаваў выйсьці зь імі на кантакт, невядомыя перазарадзілі зброю і адступілі ў бок Беларусі.

Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Пётар Ваўжык выказаў пратэст беларускаму боку адносна парушэньня дзяржаўнай мяжы. Ён падкрэсьліў, што дзеяньні беларускіх уладаў у апошнія тыдні дэманструюць усё больш прыкметаў наўмыснай эскаляцыі.

Ён паведаміў Часноўскаму, што разам з дэмакратычнымі дзяржавамі эўраатлянтычнай супольнасьці Польшча будзе пасьлядоўна супрацьстаяць «арганізаванай Менскам нелегальнай міграцыі». Намесьнік міністра паведаміў, што накіруе ноту пратэсту ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і заклікаў беларускі бок неадкладна расьсьледаваць інцыдэнт.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі назваў абвінавачаньні Польшчы бяздоказнымі

«Практыка бяздоказных абвінавачваньняў з боку Польшчы, якая склалася ў апошні час, выклікае шкадаваньне. Так, нядаўняя заява аб „заходзе“ 2 лістапада з тэрыторыі Беларусі неўстаноўленых узброеных асобаў у форме ня мае падставаў», — заявіў БелТА прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі.

Ён назваў заявы польскіх службовых асобаў галаслоўнымі і папракнуў польскі бок у парушэньні ўстаноўленых мэханізмаў узаемадзеяньня.

«Гэта сьведчыць аб тым, што галоўная мэта гэтых дзеяньняў ляжыць у плоскасьці эскаляцыі напружанасьці і далейшых спробаў фармаваньня нэгатыўнага вобраза Беларусі», — дадаў Бычкоўскі.

Паводле Памежнай службы Польшчы, за ўчорашні дзень палякі зафіксавалі 351 спробу незаконнага перасячэньня мяжы. Затрымалі 16 чалавек. У дачыненьні да 70 чалавек былі вынесеныя рашэньні аб выезьдзе з тэрыторыі Польшчы. Астатнія спробы пранікнуць на польскую тэрыторыю былі прадухіленыя.

У Літве 2 лістапада спынілі 96 спробаў пераходу мігрантамі мяжы зь Беларусі, у Латвіі — 22.

Фэдэральная паліцыя Нямеччыны паведаміла, што толькі за два дні лістапада зафіксавала 224 выпадкі незаконнага пранікненьня на сваю тэрыторыю празь Беларусь і Польшчу. За год колькасьць затрыманых у Нямеччыне мігрантаў, якія перабраліся ў краіну пасьля дапамогі ўладаў Беларусі, дасягнула 8059 чалавек. Раней Нямеччына адмовілася патруляваць мяжу з Польшчай ва ўзмоцненым рэжыме, толькі падтрымаўшы ідэю Варшавы па будаўніцтве сьцяны на мяжы зь Беларусьсю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol: Сьледчы камітэт і Дзяржкамітэт судовых экспэртыз займаюцца падлогам дакумэнтаў, фабрыкуючы крымінальныя справы