У Менскім гарадзкім судзе сёньня а 10-й гадзіне павінен быў аднавіцца працэс над палітзняволеным блогерам і актывістам анархічнага руху Мікалаем Дзядком. Суд не пачаўся ў прызначаны час праз паведамленьне пра бомбу.
Пасьля заканчэньня сапэрных апэрацыяў усіх зноў пачалі пускаць у будынак, паведаміла «Вясна».
Адбыліся судовыя спрэчкі, на якіх пракурор запрасіў для палітвязьня пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 5 гадоў у калёніі агульнага рэжыму.
- паводле ч. 1 арт. 342 КК — 2 гады калёніі
- паводле арт. 295-3 КК — 2 гады калёніі
- паводле арт. 361 КК — 4,5 года калёніі.
Канчатковы прысуд абвесьцяць 10 лістапада а 10-й раніцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стаміўся біць мяне са словамі „Старасьць ня радасьць“». Мікалай Дзядок расказаў суду, як білі ў ГУБАЗіКуУ апошнім слове Мікалай Дзядок сказаў, што ўсе ўдзельнікі працэсу зь юрыдычнай адукацыяй выдатна бачаць і разумеюць, што адбываецца.
«Я толькі хачу падзякаваць родным, сябрам, таварышам-анархістам, журналістам, праваабаронцам, усім неабыякавым за тое, што падтрымлівалі на працягу году і дапамагалі матэрыяльна. Ну, а ўсім, хто мае дачыненьне да арганізацыі гэтага судовага працэсу, а роўна і іншых палітычных рэпрэсій у маёй краіне, хачу сказаць: ня майце ілюзій! Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор ня здольныя спыніць вызваленьне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!» — падсумаваў палітвязень.
6 ліпеня ў справе прызначылі судовую псыхалінгвістычную экспэртызу, якая праводзілася гэтыя месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над анархістам Міколам Дзядком адновіцца 3 лістапада, праз больш як сто дзён перапынкуМіколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020 году супрацоўнікі ГУБАЗіК і МУС у доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманьні моцна пабілі, а ў вочы распылілі пярцовы газ. Пасьля затрыманьня Міколу адвезьлі ў Менск у ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу, яго пры гэтым білі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваньнем.
Міколу Дзядка абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў:
- Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальная дзейнасьць якіх грунтуецца на выкарыстаньні гаручых рэчываў (ч. 1 арт. 295-3);
- Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342);
- Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы пры дапамозе інтэрнэту (ч. 3 арт. 361).
За час зьняволеньня Дзядка неаднаразова кідалі ў карцар. Палітвязень паведамляў, што турэмная адміністрацыя абмяжоўвае ліставаньне зь ім і не аказвае неабходнай мэдычнай дапамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатку палітвязьняў Бабарыкі, Дзядка і Ціханоўскага пазбавілі адвакацкага статусуПрацэс у справе Мікалая Дзядка пачаўся сёлета 29 чэрвеня ў Менскім гарадзкім судзе. Віны ён не прызнаў. Анархіст паўтарыў тое, што казаў на сьледзтве: не заклікаў да ўжываньня гвалту і не кіраваў пратэстамі, а толькі камэнтаваў дзеяньні людзей, якія, на ягоную думку, маюць права на пратэст супраць фальшаваньня выбараў і ўжываньня гвалту да мірных людзей.
Таксама Мікалай Дзядок абверг абвінавачаньне ў захоўваньні «кактэйляў Молатава» на кватэры, якую арандаваў у пасёлку Сасновым. Паводле падсуднага, бутэлькі з гаручай вадкасьцю яму падкінулі міліцыянты.
13 кастрычніка ягоную абаронцу Натальлю Мацкевіч адхілілі ад працы, Міністэрства юстыцыі пачало дысцыплінарнае расьсьледаваньне. Цяпер у вязьня новы адвакат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думаю, прысуд даўно напісаны». Бацька анархіста Мікалая Дзядка камэнтуе тэрмін, запрошаны для сына