Генэральная пракуратура просіць прызнаць арганізацыю «Супраціў» тэрарыстычнай

Андрэй Швед

Заява з просьбай прызнаць арганізацыю тэрарыстычнай накіраваная ў Вярхоўны суд.

Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнаньні арганізацыі «Супраціў» (у тым ліку ініцыятыў, якія ўваходзяць у яе: «Кібэр-партызаны», «Дружыны Народнай Самаабароны — ДНС», «Буслы ляцяць») тэрарыстычнай і аб забароне яе дзейнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Арганізацыя, паводле пракурорскай заявы, сфармаваная ў траўні 2021 году. Яе кіраўнікі — двое грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць на тэрыторыі ЗША.

Фармаваньне вінавацяць у спробе аб’яднаньня радыкальна настроеных грамадзян для «наступнага схіленьня іх да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту зь сілавым супрацьдзеяньнем праваахоўнікам і зьдзяйсьненьня актаў тэрарызму». Таксама сярод мэтаў «Супраціву», як піша Генпракуратура, — «дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня; гвалтоўная зьмена канстытуцыйнага ладу».

Раней на ўдзельнікаў арганізацыі «Супраціў» завялі крымінальныя справы па артыкулах 218 (зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці), 289 (акт тэрарызму), 290 (пагроза ўчыненьнем акту тэрарызму) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС прызнала сайт з мапай дваровых чатаў экстрэмісцкім фармаваньнем. Юрыст патлумачыў, што гэта значыць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржкамітэт судовых экспэртыз пацьвердзіў, што яго кіраўніку спалілі маёмасьць