Увечары 1 лістапада Беларускае аб’яднаньне рабочых паведаміла, што па выніках першага дня забастоўкі і народнага карантыну ад 10% да 30% рабочых адсутнічалі на працоўных месцах па ўсёй Беларусі на розных падставах.
Паводле БАР:
- На Менскім трактарным заводзе ў некаторых цэхах з 600-700 штатных супрацоўнікаў не прысутнічалі на працоўным месцы ад 200 да 250.
- На 1-м рудаўпраўленьні «Беларуськалію» на ўчастку падыманьня на розных падставах адсутнічала каля траціны супрацоўнікаў.
- На Менскім аўтамабільным заводзе ў некаторых цэхах ня выйшлі на працу каля 15% працоўных, што прывяло да часовага спыненьня нармальнага функцыянаваньня шэрагу падразьдзяленьняў.
- На шэрагу прадпрыемстваў цягам дня праводзіліся «ідэалягічныя нашпігоўваньні», дзе ідэолягі расказвалі рабочым пра страйк, які пачаўся ў краіне.
- У многіх гарадах назіраліся праблемы з грамадзкім транспартам таксі. Кіроўцы або байкатуюць працу, або хварэюць.
Ці адбыўся страйк?
«Па нашых дадзеных, страйк цяпер толькі набірае абароты. Па выніках учорашняга дня ўсё ідзе ў рамках нашага пляну. Мы ставілі сабе задачу разбудзіць беларускі народ, разбудзіць беларускіх рабочых на прадпрыемствах, прыцягнуць іх да актыўных дзеяньняў. Каб на падсьвядомым узроўні выйсьці са сьпячкі. Па выніках учорашняга дня мы бачым, што зрабілі для гэтага першыя крокі, перад намі яшчэ вялікая колькасьць працы. Першы дзень прайшоў вельмі нават някепска».
Адкуль лічба пра 10-30% рабочых, якія засталіся дома?
«Мы найперш кіраваліся статыстычнымі зьвесткамі, якія нам прысылалі інсайдэры зь беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, у тым ліку найбуйнейшых. Мы адмыслова распрацоўвалі нашу схему такім чынам, каб нават людзі ляяльныя і гатовыя выйсьці на страйк з 1 лістапада, калі яны зьяўляюцца інжынэрна-тэхнічнымі работнікамі, то павінны заставацца 2-3 асобы ў першыя 5 дзён на працы, каб зьліваць нам дадзеныя з прадпрыемстваў».
Чаму такая вялікая разьбежка ў лічбах?
«Гэта зьвязана з тым, што дадзеныя аб адных прадпрыемствах мы атрымліваем аб’ектыўныя, то бок гэта дакумэнтацыя, а аб іншых — са словаў. І гэтую інфармацыю са словаў мы, груба кажучы, дзелім на дзьве траціны, каб карціна была больш-менш аб’ектыўная. Таму на адных прадпрыемствах менш, а на іншых больш».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярэдні заробак — 319 даляраў. Як жывуць у рэгіёнах з самымі нізкімі даходаміЯкая ў людзей прычына нявыхаду на працу?
«Яшчэ ў рамках падрыхтоўкі і перадстрайкавага стану мы казалі людзям, што цяпер самы бясьпечны спосаб выказаць свой пратэст — ня выйсьці на працу зь любой нагоды. Гэта можа быць і бальнічны ліст. Ва ўмовах чацьвёртай хвалі каранавірусу, якая цяпер жахлівая, мы забываем, што вялікая колькасьць людзей банальна прастывае. І людзі так прыходзяць на працу. Зьвярнуцца да лекара ў такі час — гэта вельмі добры варыянт, каб не выконваць сваіх абавязкаў. Але гэта могуць быць і адпачынкі, водпускі за свой кошт, адгулы. Пераважна людзі бяруць бальнічныя, і лекары іх ахвотна даюць».
Чаму тг-канал страйку апублікаваў розыгрыш ад праўладнага тг-каналу пра забастоўку двух цэхаў на МАЗе?
«Выйшла вельмі цікавая сытуацыя. У камандзе тэлеграм-каналу Беларускага аб’яднаньня рабочых працуюць дзьве асобы. І гэтыя людзі далёка не журналісты. Момант укідваньня фэйку сапраўды магчымы. Ён быў зроблены спэцслужбамі або „гебэльс-ТВ“ ці кімсьці яшчэ. Але самае сьмешнае, паводле інсайду ад саміх рабочых, сапраўды большасьць людзей з двух цэхаў, кавальскага і зварачнага, ня выйшлі на працу».
Прадстаўнікі «Рабочага руху» сьцьвярджаюць, што страйку не адбылося, што ідэя скончылася правалам
«Гаварыць, што адбыўся поўны правал — гэта лухта, гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці і рэальнасьці. Так, мы ня дзейнічаем мэтадамі, якімі хочуць дзейнічаць людзі з „Рабочага руху“: дакладна сплянаванымі, усё па паліцах у рамках нейкай мэтодыкі. Але мэтодыка некаторых арганізацый пабудаваная на досьведзе Эўропы і ЗША, дзе ёсьць дэмакратыя. Але ва ўмовах Беларусі, калі нехта гаворыць, што нам трэба стварыць структуры на рабочых месцах, мы цудоўна разумеем, што спроба стварыць такія структуры прывядзе да дзясяткаў арыштаваных.
Амаль немагчыма ствараць структуры на працоўных месцах, і мы працуем трошкі інакш. Але я не магу вінаваціць тых людзей, якія думаюць па-іншаму. У кожнага свой шлях. Але ніякай актыўнай працы з боку іншых структураў мы пакуль ня бачым. А мы робім. Калі нехта чакаў у першы дзень забастоўкі бел-чырвона-белыя сьцягі па цэхах і натоўпы людзей, то гэта ня так, такога не адбудзецца ў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніякая новая ўлада ня будзе распускаць усе дзяржаўныя прадпрыемствы, — эканаміст Леў ЛьвоўскіТады якая мэта страйку?
«Галоўная мэта страйку — кансалідаваць і аб’яднаць людзей над агульнай праблемай, як гэта было летась. Мая асабістая мэта — абараніць жыцьцё і здароўе гэтых людзей. Мы цяпер знаходзімся ў такіх умовах, калі палітычныя патрабаваньні адыходзяць на другі плян. Мы цудоўна ведаем, што ў Беларусі штодня толькі ад каранавірусу паміраюць сотні людзей. Калі «Рабочы рух», штаб Сьвятланы Ціханоўскай ці плян «Перамога» рыхтуюцца да нейкага пляну, то мы робім усё магчымае, каб аб’яднаць людзей вакол агульнай бяды. І наколькі мы бачым па ўчорашнім дні, мы рухаемся ў слушным кірунку.
У чым прынцыповае разыходжаньне з «Рабочым рухам»?
«„Рабочы рух“ называе канкрэтныя лічбы. Маўляў, мы абвесьцім пра забастоўку, калі ў нас у чат-боце будзе зарэгістравана 138 тысяч чалавек. За паўгода там зарэгістравалася 18 тысяч чалавек. Мы разумеем, што калі яны не пачнуць нічога актыўна рабіць, то такімі тэмпамі яны будуць гатовыя праз 5 гадоў.
Наша задача — каб народ Беларусі прыняў рашэньне змагацца супраць дыктатуры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйк, які не сасьпеў. Ці спрыяюць цяперашнія ўмовы для масавага пратэсту рабочых?У краіне няма глыбокага эканамічнага крызісу і пануе страх. Што павінна схіліць людзей да страйку?
«Менавіта таму я і кажу, што няма размовы пра сьцягі ў цэхах. На гэты момант няма эканамічнага складніка. Новыя санкцыі ЭЗ будуць уведзеныя зь сярэдзіны лістапада, а ЗША — у сьнежні. То бок толькі тады пачнецца эканамічны ціск. Да гэтага моманту хваля пратэсту і байкоту працы прыме масавыя маштабы. Людзі будуць гатовыя дзейнічаць».
Чаму вы ня можаце дамовіцца з «Рабочым рухам»?
«Цяпер ёсьць два варыянты: падтрымаць народ Беларусі ў страйку з 1 лістапада або не падтрымаць. Іншых рознагалосьсяў няма. Шэраг палітычных лідэраў нас падтрымалі, а іншыя не. Гэта нармальна. Мы хочам будаваць дэмакратыю».
Што вы будзеце лічыць посьпехам страйку?
«Для мяне будзе перамогай ужо тое, што на гэтым штодзённым каранавірусным лічыльніку будзе 0 сьмерцяў. Для мяне гэта будзе перамогай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пачнецца страйк? «Людзі зараз працуюць, адкладаюць грошыкі і рыхтуюцца да таго часу, калі ня будзе працы»