У Нямеччыне падалі скаргу генпракурору на супрацоўнікаў спэцслужбаў Беларусі

Затрыманьні ў Менску ў лістападзе 2020 году

Эўрапейскі цэнтар канстытуцыйных правоў і правоў чалавека (ECCHR) разам з Сусьветнай арганізацыяй супраць катаваньняў (OMCT) падалі скаргу генэральнаму пракурору Нямеччыны супраць шасьці высокіх прадстаўнікоў службаў бясьпекі Беларусі. Скарга тычыцца злачынстваў супраць чалавечнасьці.

У скарзе ўтрымліваецца інфармацыя пра злачынствы з боку службаў бясьпекі ў Беларусі пасьля 9 жніўня 2020 году, у тым ліку пра масавыя затрыманьні, катаваньні, зьнікненьні людзей, сэксуальны гвалт і палітычны перасьлед. Такія злачынствы могуць разглядацца ў Нямеччыне паводле прынцыпу ўнівэрсальнай юрысдыкцыі.

«Мы разьлічваем на тое, што распачнецца папярэдняе вядзеньне з боку фэдэральнага пракурора супраць адказных, бо не прадбачыцца расьсьледаваньня гэтых парушэньняў міжнароднага права ў самой Беларусі. Пацярпелыя павінны мець магчымасьць ажыцьцявіць свае правы, а Нямеччына павінна адыграць у гэтым вядучую ролю. Атрыманьне доказаў таксама павінна ўзмацніць эўрапейскі падыход да крымінальнага перасьледу, а таксама захады ў рамках ААН», — патлумачыў прадстаўнік ECCHR Андрэас Шулер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі да гвалтаваньняў швабрамі адзін крок». Былы турэмны лекар пра катаваньні і сяброўства зь Мікалаем Аўтуховічам