Рашэньне аб забароне яму абвясьцілі толькі 21 кастрычніка, калі ён другі раз спрабаваў уехаць на ўкраінскую тэрыторыю.
Сам Васкрасенскі заяўляў, што першы раз, 7 кастрычніка, ён прыяжджаў для ўдзелу ў Кіеўскім міжнародным эканамічным форуме, на які яго запрасіў кіраўнік парлямэнцкай фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія.
«Пагроза нацыянальнай бясьпецы»
У Службе бясьпекі Ўкраіны пацьвердзілі, што галоўным матывам забароны на наведваньне Ўкраіны стала пагроза нацыянальнай бясьпецы на падставе адпаведнай інфармацыі контравыведкі. Але не ўдакладнілі матывацыю і падзеі, якія папярэднічалі гэтаму рашэньню.
Тое, што Юры Васкрасенскі змог наведаць Украіну ўжо пасьля ўхваленьня рашэньня аб забароне, у СБУ патлумачылі тэхнічнымі прычынамі: Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны несвоечасова атрымала рашэньне СБУ, таму рэалізаваць яго змаглі толькі пры другой спробе Юрыя Васкрасенскага ўехаць на ўкраінскую тэрыторыю — 21 кастрычніка.
На форум не запрашалі
У арганізацыйным камітэце Кіеўскага міжнароднага эканамічнага форуму Свабодзе паведамілі, што не запрашалі Юрыя Васкрасенскага для ўдзелу.
«Мы яго дакладна не запрашалі, і сярод сьпікераў яго не было. Ці прысутнічаў ён на дыскусіях? Тэарэтычна магчыма, калі ён набыў адпаведны сэртыфікат, то бок квіток», — удакладнілі ў арганізацыйным камітэце.
Квіток можна было набыць за 5 тысячаў грыўняў (крыху менш за 200 даляраў у эквіваленце). Наяўнасьць квітка дазваляла прысутнічаць на панэльных дыскусіях, на нэтворкінг-вечарынах і мець доступ да кава-брэйкаў на форуме. Але такі квіток не адкрываў доступу да VIP-зоны і на прыёмы з удзелам запрошаных сьпікераў.
«Сустрэча трывала хвілін 20»
Кіраўнік парлямэнцкай фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія ня мае ніякіх сяброўскіх дачыненьняў зь Юрыем Васкрасенскім і таксама не запрашаў яго на Кіеўскі міжнародны эканамічны форум.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустракаецца з украінскім дэпутатам Шаўчэнкам. Хто гэта і ці мае ён уплыў на ўхваленьне рашэньняў?Як паведаміла Свабодзе Юлія Палійчук, прэсавая сакратарка Давіда Арахаміі, іх пазнаёміў колішні дэпутат фракцыі Яўген Шаўчэнка (яго выключылі з фракцыі пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. — РС).
«Шаўчэнка прадставіў Васкрасенскага лідэрам беларускай апазыцыі, які займаецца вызваленьнем палітвязьняў. І папрасіў Давіда зь ім сустрэцца. Гэтая сустрэча адбылася, яна трывала хвілін 20. Ніякіх дамоўленасьцяў не было. Давід яго паслухаў, запытаў, чым можна дапамагчы вызваліць палітвязьняў, і ўсё. А пасьля сустрэчы Васкрасенскі папрасіў дазволу сфатаграфавацца зь ім. Давід пагадзіўся, але папярэдзіў, што (здымак) толькі для асабістага архіву. Васкрасенскі пагадзіўся, а потым гэты фатаздымак апублікаваў», — удакладніла Юлія Палійчук.
Юлія Палійчук падкрэсьліла, што ніякай супрацы зь Юрыем Васкрасенскім няма.
«Была адна невялікая сустрэча, і ні пра які міжнародны эканамічны форум размовы не было. Давід Арахамія і сам не прысутнічаў на гэтым форуме. Як ён мог на яго некага запрашаць? Яны не былі знаёмыя раней».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна адмовілася ўпусьціць на сваю тэрыторыю Васкрасенскага, які нібыта ехаў на перамовы ў КіеўПадчас выбарчай кампаніі 2020 году Юры Васкрасенскі зьбіраў подпісы за Віктара Бабарыку. 12 жніўня яго затрымалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму пагражала да 8 гадоў зьняволеньня. 11 кастрычніка Васкрасенскі быў адным з удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА. 12 кастрычніка яго вызвалілі.
Цяпер ён займаецца пасярэдніцтвам у справе «амністыі» палітвязьняў узамен на пісьмовыя пакаяньні. Зь першай сотні кандыдатаў на вызваленьне былі ўхваленыя 13 чалавек, а разгляд другой яшчэ не пачынаўся.