Сьледам за сыстэмай «Пашпарт» і базай ДАІ хакеры заявілі, што ўзламалі Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва

Хакеры, сярод іншага, выклалі пэрсанальныя дадзеныя прапагандыста Рыгора Азаронка (на фота)

Беларускія «Кібэрпартызаны» сьцьвярджаюць, што ўзламалі базу Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. А ў якасьці доказу апублікавалі пэрсанальныя дадзеныя найбліжэйшага атачэньня Лукашэнкі.

У Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва сплачваюцца абавязковыя страхавыя ўнёскі, адлічэньні на прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне і шэраг іншых плацяжоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» ўзламалі сэрвэр зь відэазапісамі МУС на леташніх маршах пратэсту. ВІДЭА

Групоўка, якая называе сябе «кібэрпартызанамі», абнародавала выпіскі з базы на высокапастаўленых чыноўнікаў. Акрамя імя і прозьвішча, там указваецца ўзрост, адрас, нумар пашпарта і ідэнтыфікацыйны нумар, месца працы, сума выплачаных падаткаў.

У прыватнасьці, выкладзеныя зьвесткі на Лукашэнкаву прэсавую сакратарку Натальлю Эйсмант, кіраўніка БТ Івана Эйсманта, прапагандыста Рыгора Азаронка, бізнэсоўца з санкцыйнага сьпісу Аляксандра Шакуціна ды іншых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» апублікавалі размовы афіцэраў МУС пра ўмовы для зьняволеных паводле «палітычных» артыкулаў

Раней хакеры заяўлялі пра ўзлом інфармацыйнай сыстэмы «Пашпарт», базы ДАІ і іншых падразьдзяленьняў МУС, уключна з архівам праслухоўваньня службы ўласнай бясьпекі і базы запісаў апэратыўных дронаў.

У адказ на масавы зьліў інфармацыі ўлады заявілі пра стварэньне Нацыянальнага цэнтру абароны пэрсанальных зьвестак.