Абаіх абвінавацілі паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Сужэнцы расказалі, што іх затрымалі на пашпартным кантролі, закавалі ў кайданкі і нават не далі забраць багаж.
Як высьветлілася падчас працэсу, Ірыне Слаўнікавай і Аляксандру Лойку інкрымінавалі захоўваньне на сваіх старонках у Facebook матэрыялаў, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Справу Аляксандра Лойкі разглядаў судзьдзя Першамайскага раёну Менску Максім Трусевіч. Мужчыну абвінавацілі ў «захоўваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў з мэтай дэманстрацыі». Зафіксавалі тры эпізоды, якія датуюцца 2017, 2018 і 2019 гадамі.
Ніякія аргумэнты на судзьдзю не паўзьдзейнічалі, вырак — 15 сутак арышту.
Наступнай пачалі разглядаць справу Ірыны Слаўнікавай, судзіў яе таксама Максім Трусевіч. Ад падсуднай стала вядома, што затрымлівалі іх супрацоўнікі ГУБАЗіК. Яе абвінавацілі ў захоўваньні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сваёй старонцы ў Facebook: артыкулы з сайта «Белсату» і ягоных «люстраў». Усе матэрыялы разьмешчаныя да таго, як сайты былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Судзьдзя Трусевіч ня ўзяў гэта пад увагу і пакараў прадстаўніцу «Белсату» ў Беларусі 15 суткамі арышту.
Сужэнцаў спынілі ў ноч на 30 кастрычніка ў менскім аэрапорце, калі яны вярнуліся з адпачынку ў Эгіпце. Калі сваякі не дачакаліся родных, памежнікі ды мытнікі заявілі, што «нікога не затрымлівалі».
Пасьля гэтага бацька Ірыны прыехаў у Савецкі РУУС Менску, каб падаць заяву аб зьнікненьні дачкі. Толькі там яму паведамілі, што дачку і зяця затрымалі міліцыянты Першамайскага РУУС за «адміністрацыйнае правапарушэньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову назвалі «журналісткамі году» на фэстывалі PRIX EuropaПазьней стала вядома, што іх зьмясьцілі да суду ў ізалятар на Акрэсьціна. Як расказаў падчас працэсу Аляксандар Лойка, ён быў у камэры на дваіх, дзе агулам было 10 чалавек. Спаць мусіў на падлозе. Па яго словах, міліцыянты хацелі запісаць зь ім «пакаяльнае відэа», ён адмовіўся.
Ірына Слаўнікава — афіцыйная прадстаўніца тэлеканалу «Белсат» у Беларусі, намесьніца старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Хутка год, як у зьняволеньні знаходзяцца журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты