Галоўны рэдактар выданьня «Наша ніва» Ягор Марціновіч знаходзіцца ў СІЗА зь ліпеня 2021 году. Фармальна — праз абвінавачаньне ў эканамічным злачынстве, але ўлады ўжо двойчы блякавалі сайт выданьня, а яго журналісты мусілі пакінуць Беларусь. BBC змагло задаць пытаньні Марціновічу.
«Са мной не размаўлялі, мяне білі, ім было няважна, што я скажу, — апавядае Марціновіч у лісьце пра абставіны свайго затрыманьня 8 ліпеня 2021 году. — Пыталіся: „За каго галасаваў на выбарах?“ І адразу ўдар. „Хто зараз прэзыдэнт?“ Нават калі адказваеш, што Лукашэнка, атрымліваеш па галаве кулаком. Апэратыўнікі, якія везьлі мяне, самі крычалі „Перамен“, „Верым, можам, пераможам“ — і працягвалі біць мяне. Яны лічылі гэта вельмі сьмешным».
Проста ўсё вакол выбухала
«Пасьля таго, як улады разграмілі Tut.by — найбуйнейшае онлайн-мэдыя ў краіне — стала зразумела, што прыйдуць па ўсіх, — камэнтуе Ягор Марціновіч. — Ці былі нейкія сыгналы, што будуць біць канкрэтна па нас? Ды не, проста ўсё вакол выбухала. Але мы працягвалі працаваць падкрэсьлена легальна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Білі за кожны крок». Праваабаронца пераказаў аповед журналіста Марціновіча пра затрыманьне«Зь мяне сьмяюцца нават ахоўнікі»
Ягору Марціновічу выставілі абвінавачаньне паводле эканамічнага артыкулу: прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу. Ён прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.
«Зь мяне сьмяюцца нават ахоўнікі, мне сорамна сукамэрнікам казаць, у чым мяне абвінавачваюць, — кажа Марціновіч. — Нібыта „Наша ніва“ плаціла за электраэнэргію не па тым тарыфе, па якім была павінна [для фізычных асобаў, а не для юрыдычных], і электрасеткам нанесена шкода на суму 3500 рублёў. Пры гэтым само прадпрыемства ніколі не зьвярталася да нас з прэтэнзіямі. І нават цяпер, наколькі я ведаю, сьцьвярджае, што няма ніякай запазычанасьці».
Марціновіч дадае, што зь ліпеня зь ім не праводзілася ўвогуле ніякіх сьледчых дзеяньняў.
«Мяне проста замкнулі з помсты за маю прафэсійную дзейнасьць, — кажа ён. — Самае складанае — разумець, што марнуеш час, які можна было б правесьці з карысьцю. Прычым гэта ведаюць усе ўдзельнікі — і сьледчыя, і пракуроры. Але яны жывуць па прынцыпе „вы самі ўсё разумееце“. І яшчэ цяжка ўсьведамляць, што гэтая сытуацыя вымотвае родных».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры галоўныя рэдактары незалежных СМІ ў турме. Што яны пішуць зь СІЗА«Капітан сыходзіць апошні»
«18-гадовы наркадылер, у якога за сьпінай ужо некалькі судзімасьцяў, разьвітваўся са мной словамі „Жыве Беларусь“. 22-гадовы турак, якому далі больш за 10 гадоў, адказваў мне „Дзякуй“ і „Смачна есьці“. У адну камэру трапілі фізрук і яго былы вучань», — апісвае Марціновіч атмасфэру ў СІЗА.
Марціновіч кажа, што сядзіць зь вялікай колькасьцю людзей, якія шкадуюць пра тыя выпадкі ў жыцьці, што прывялі іх за краты.
«Але ў мяне не было моманту, калі або „так“ або „інакш“. Галоўны рэдактар ня можа ноччу зьехаць з краіны, а потым напісаць у рэдакцыйным чаце: „Я ў бясьпецы, а вы трымайцеся“, — тлумачыць ён. — Капітан сыходзіць апошні, а ня першы. І я ня мог адправіць зь Беларусі ўсю каманду, пакуль заставаліся ўмовы для працы ўнутры краіны».
У сваім апошнім кароткім паведамленьні зь СІЗА Марціновіч перадаў, што яго і яшчэ 19 чалавек цяпер трымаюць у падвальным памяшканьні, дзе няма вокнаў і толькі невялікі праём пад стольлю для вэнтыляцыі. Марціновіч напісаў, што задыхаецца і пакуль ня можа падрабязна адказваць на лісты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Скурко працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай, але не дапытваюць; Леўшына пачала вакцынацыюСправа «Нашай Нівы»
- Чатырох «нашаніўцаў» затрымалі 8 ліпеня 2021 году: галоўнага рэдактара сайту «Наша Ніва» Ягора Марціновіча, галоўную бухгальтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч, рэдактара часопіса «Наша гісторыя», дзіцячых часопісаў «Асьцярожна, дзеці!» і «Дуду» Андрэя Дынько і кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко.
- Марціновіча пры затрыманьні білі па галаве. Яму выклікалі «хуткую».
- «Нашаніўцаў» затрымлівалі спачатку ў межах крымінальнай справы аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі).
- Паўторна іх затрымалі за тое, што камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі яны плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было як для юрыдычных. Пазыка склала 3500 рублёў. Марціновічу і Скурко выставілі абвінавачаньне ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК). Ім пагражае «хімія» або калёнія тэрмінам да 5 гадоў.
- Раковіч і Дынько выпусьцілі цягам двух тыдняў пасьля затрыманьня. Пад вартай застаюцца Марціновіч і Скурко.
- Скурко хварэе на інсуліназалежны дыябэт. Да таго ж за кратамі ў яго дыягнаставалі пнэўманію.
- Доступ да сайту «Нашай Нівы» зьнік 8 ліпеня, 29 ліпеня сайт nashaniva.com аднавіў працу. Рэдакцыя цяпер працуе з-за мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы» адмовілі ў спатканьні са сваякамі, хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня адхілілі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты