Затрымалі прадстаўніцу «Белсату» ў Беларусі Ірыну Слаўнікаву і яе мужа

Ірына Слаўнікава, архіўнае фота

У Менскім аэрапорце затрымалі афіцыйную прадстаўніцу «Белсату» ў Беларусі, намесьніцу старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам, паведаміў у фэйсбуку намесьнік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Ён адзначыў, што памежнікі і мытнікі заявілі бацьку Ірыны, што нікога не затрымлівалі.

Сёньня ноччу Ірына Слаўнікава з мужам прыляцела ў Менск з Эгіпту.

У Савецкім РУУС Менску, куды бацька Ірыны прыехаў пісаць заяву аб зьнікненьні дачкі, яму паведамілі, што Ірыну і яе мужа затрымалі міліцыянты Першамайскага РУУС за нейкае адміністратыўнае правапарушэньне.

Цяпер Ірына і Аляксандар — у ізалятары на Акрэсьціна, паведаміў «Белсат».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты