МЗС Ірану: Дэпутат Савіных паабяцаў дапамагчы іранцам, якія апынуліся на мяжы

Андрэй Савіных

Іранскае МЗС і Mehr News Agency паведамілі пра сустрэчу намесьніка міністра замежных справаў Ірану Сэеда Казэма Саджадзі са старшынём сталай камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Андрэем Савіных у амбасадзе Ірану ў Менску.

Пакуль пра гэтую сустрэчу нічога не паведамляецца на сайце МЗС Беларусі і ў дзяржаўных СМІ.

Падчас сустрэчы іранскі чыноўнік падкрэсьліў «сардэчныя адносіны» паміж дзьвюма краінамі, а таксама гатоўнасьць абодвух бакоў умацоўваць двухбаковыя сувязі на «розных франтах палітычнай, эканамічнай і парлямэнцкай дыпляматыі».

Саджадзі заклікаў беларускага дэпутата дапамагчы выратаваць жыцьцё грамадзянаў Ірану, якія апынуліся на мяжы Беларусі зь Літвой і Польшчай.

«Чакаецца, што беларускі ўрад і ўлады будуць дзейнічаць адказна і клапаціцца пра жыцьцё іранцаў, якія захварэлі на мяжы гэтай краіны зь Літвой і Польшчай, а таксама дапамогуць амбасадзе прапанаваць гуманітарныя паслугі, такія як перадачу ім коўдраў і цёплай ежы, а таксама дапамогу тым людзям, якія хацелі б вярнуцца на радзіму», — адзначыў іранскі чыноўнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Савіных пра мігрантаў: «Мы нічога зрабіць ня можам»

Саджадзі заявіў, што ён, дэлегацыя, якая яго суправаджае, і амбасадар Ірану ў Беларусі гатовыя праінспэктаваць межы Беларусі зь Літвой і Польшчай, каб дапамагчы іранцам, якія застаюцца там у халоднае надвор’е. Ён папрасіў Савіных задзейнічаць увесь свой патэнцыял і рэсурсы, каб прадухіліць гуманітарную катастрофу.

Паведамляецца, што Савіных выказаў шкадаваньне з нагоды цяперашняй сытуацыі. Паводле яго, некаторыя групы спакушаюць асобных людзей і ўцягваюць іх у складаную сытуацыю.

Іранскае агенцтва цытуе Савіных, які кажа, што «ўсе краіны і ўрады павінны выконваць міжнародныя законы і правілы». Дэпутат Палаты прадстаўнікоў заявіў, што выкарыстае ўсе свае сілы і патэнцыял для вырашэньня цяперашняй праблемы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Ірану пазваніў Макею і папрасіў дапамогі іранцам, што захрасьлі на мяжы зь Літвой

Сустрэча адбылася празь некалькі дзён пасьля таго, як міністар замежных справаў Ірану па тэлефоне са сваім беларускім калегам абмеркаваў сытуацыю з грамадзянамі Ірану, якія знаходзяцца ў бядзе на мяжы Беларусі і Літвы.