Член прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак і былая абаронца Марыі Калесьнікавай Людміла Казак сталі першымі беларусамі-ляўрэатамі прэміі IBA, паведаміла Каардынацыйная рада.
Словы падзякі ад Максіма перадала яго жонка і адвакат Надзея Знак:
«За кожным тыранам у гісторыі стаялі адвакаты, пракуроры і судзьдзі, якія апраўдвалі яго кіраваньне і каралі яго супернікаў за іх неіснуючыя злачынствы. Забываючы пра дух закону, юрысты адчыняюць скрыню Пандоры, якая з часам іх і паглыне. Махлярства з законам заўсёды мае свае наступствы. Я заклікаю ўсіх нас, юрыстаў, прыняць вядомае залатое правіла і заўсёды разглядаць Закон і Справядлівасьць як нашу першачарговую мэту, а не як інструмэнт. Для мяне вялікі гонар атрымаць такую ўзнагароду, і я зраблю ўсё магчымае, каб ёй адпавядаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Раю не адчайвацца і ня страчваць надзеі!» Асуджаны на 10 гадоў адвакат Максім Знак даў інтэрвію з-за кратаўЛюдміла Казак падчас сваёй прамовы адзначыла важнасьць міжнароднага прызнаньня.
«Ва ўмовах працяглых рэпрэсій і адсутнасьці легальных мэханізмаў абараніць сваіх калегаў нам вельмі важная падтрымка сусьветнай юрыдычнай супольнасьці. Я падзяляю гэтую ўзнагароду з усімі маімі калегамі, якія, нягледзячы ні на што, баранілі, працягваюць і, я ўпэўнена, працягнуць бараніць беларусаў і адстойваць прынцыпы прафэсіі адваката».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій за палітычныя справы, і каго яны абараняліШто трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.