Абвясьцілі пераможцаў прэміі імя Карласа Шэрмана, сярод іх беларускі пераклад «Гары Потэра»

Ілюстрацыйнае фота

28 кастрычніка абвясьцілі імёны пераможцаў прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшы пераклад на беларускую мову.

Прэмія прысуджаецца ў трох намінацыях: пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі, паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтар.

Пераможцамі сталі:

  • у намінацыі «Пераклад прозы» — Вольга Гронская, пераклад зь нямецкай — Даніэль Кельман «Тыль». Выдавецтва «Янушкевіч», Менск;
  • у намінацыі «Пераклад паэзіі» — Юлія Цімафеева, пераклад з ангельскай — Стывен Крэйн «Выбраныя вершы». Выдавец Зьміцер Колас, Менск;
  • у намінацыі «Пераклад дзіцячай кнігі» — Алена Пятровіч, пераклад з ангельскай — Джоан Роўлінг «Гары Потэр і таемная заля». Выдавецтва «Янушкевіч», Менск.

Сёлета ў конкурсе ўдзельнічалі 24 кнігі, перакладзеныя з 11 моў, сярод якіх ідыш і нарвэская, а таксама ісьляндзкая і харвацкая. На прэмію прымаліся пераклады мастацкіх кніг на беларускую мову, выдадзеныя ўпершыню ў папяровым ці электронным варыянце ў 2020 годзе (альбо ў 2019-м, калі кніга не была пададзеная ў мінулым сэзоне).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: кастрычнік

У журы прэміі Шэрмана сёлета ўвайшлі: пісьменьніца, перакладчыца, кандыдат філялягічных навук Вера Бурлак; выкладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філялягічных навук Ганна Бутырчык; паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца Аксана Данільчык; літаратуразнаўца, перакладчык, кандыдат філялягічных навук Дзяніс Кандакоў.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі зьяўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд «Вяртаньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі жанчына выходзіць замуж, яна зьнікае». Размова з Аленай Казловай пра выдаваньне жаночай літаратуры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы выходзяць з унутранай моўнай эміграцыі», — загадчык катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту