«Або Польшча, або сьмерць». Што кажуць мігрантам беларускія памежнікі

Мігрант з Самалі на беларуска-польскай мяжы непадалёк ад вёскі Сямёнаўка (Siemianówka), 25 кастрычніка 2021

DW зрабіла рэпартаж з польска-беларускай мяжы, дзе ў нялюдзкіх умовах захрасьлі мігранты, якія захацелі скарыстацца «беларускім маршрутам» у Эўразьвяз. 

У лесе каля памежнага польскага гораду Кляшчэлі валянтэры знайшлі сырыйскую сямʼю з дваімі дзецьмі. Яны трапілі ў Польшчу церазь Беларусь. Маладыя бацькі спадзяваліся, што ў Эўразьвязе іхны шасьцігадовы сын, хворы зь дзяцінства, зможа атрымаць лепшае лячэньне, чым у Сырыі, дзе ідзе вайна.

Яны нават у страшным сьне не маглі сабе ўявіць, што іх чакае на мяжы.

«Беларускія салдаты сказалі, што нам трэба выбіраць: або Польшча, або сьмерць. Мы пайшлі да польскіх памежнікаў і папрасілі іх дазволіць нам перасячы мяжу, бо дзеці галодныя, яны захварэлі, ім холадна. Але яны сказалі, каб мы вярталіся ў Сырыю», — расказала 25-гадовая мігрантка з Сырыі Ала Масіні.

Валянтэры выклікалі памежнікаў, а тыя ў сваю чаргу пазванілі ў хуткую дапамогу. Меншае дзіця пачуваецца блага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны спустошылі нашыя кішэні, а ўначы сілай адвезьлі нас да мяжы», — мігранты пра беларускіх сілавікоў

Тут жа памежнікі знайшлі яшчэ аднаго ўцекача, які таксама скарыстаўся так званым «беларускім маршрутам». У сацыяльных сетках 24-гадовы Алі пабачыў абʼяву беларускай турфірмы. Падарожжа ў ЭЗ зь Лібану абышлося яму ў 4 тысячы даляраў і ледзь не каштавала жыцьця. Алі некалькі разоў спрабаваў перасячы мяжу і ледзь не замёрз у лесе.

«Кожны раз, калі мы вярталіся на беларускую мяжу, мы прасілі іх адвезьці нас назад у Менск, каб нас адтуль дэпартавалі ў Лібан. Яны казалі: „Не, у цябе два варыянты: памрэш тут альбо ідзі ў Польшчу“, — расказаў цырульнік зь Лібану Алі Абд Алварэт. — Так, гэта маё рашэньне, я сюды прыехаў, але гэта ня значыць, што са мной трэба так абыходзіцца. Добра, вы ня хочаце, каб я быў тут. У Беларусі мяне таксама ня хочуць бачыць. Тады дэпартуйце мяне дадому. Гэта ўсё, пра што я прашу. Я сам заплачу за білет.

Такога не пажадаеш заклятаму ворагу. Апошнія чатыры ночы я правёў у лесе. Гэта жах».

Паводле польскіх уладаў, грамадзянамі Іраку, Афганістана, Сырыі ды іншых краін было зроблена больш за 15 тысяч спробаў перасячы мяжу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя абвінаваціла сям’ю Лукашэнкі ў арганізаваным гандлі людзьмі

За 50 кілямэтраў ад Кляшчэляў, каля вёскі Сямёнаўка, знайшлі групу ўцекачоў з Самалі.

Махамуд, уцякач з Самалі:

— Я ішоў па вадзе.

— І вашыя ногі зьмерзьлі?

— Так, ад вады. Я ішоў пешшу 14 ці 15 дзён».

Ібрагім, уцякач з Самалі:

— На мяжы праблема. Я сем разоў перасякаў мяжу туды-сюды, зь Беларусі ў Польшчу.

— Зь якімі ўмовамі вы сутыкнуліся?

— Дужа холадна.

— Вы без абутку?

— Так, абутку няма. З нагамі праблема.

Траіх зь сямі самалійскіх уцекачоў забралі на машыне хуткай дапамогі праз праблемы са здароўем і сымптомы пераахалоджваньня. Рэшту зьвезьлі ў грузавіку памежнікаў.

Раней польскі парлямэнт прагаласаваў за легалізацыю выгнаньня мігрантаў на мяжы. Гэтае рашэньне раскрытыкавалі ў ААН. Яно дазваляе польскім уладам пакідаць без разгляду хадайніцтвы аб прыстанішчы, калі заяўнік прыбыў не наўпрост з зоны, дзе ягонае жыцьцё ці свабода знаходзяцца пад пагрозай.

Між тым сырыйскую сямʼю з хворым дзіцем зьвезьлі на машыне хуткай дапамогі. Чым скончыцца іхнае падарожжа з Сырыі ў ЭЗ церазь Беларусь, пакуль невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі транзыт уцекачоў у Нямеччыну. Як ён працуе і як яго спыніць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міграцыйны крызіс: другі дзень запар адбываюцца беспарадкі ў літоўскіх лягерах уцекачоў