«Ня трэба хлусіць сабе, што мы на такім жа пад’ёме зноў выйдзем на вуліцы», — Хілько пра новыя падыходы і падзел на глебе прышчэпак

16 жніўня 2020. Менск. Ілюстрацыйнае фота.

«Заклікаючы да вакцынацыі дэмакратычныя сілы, могуць страціць частку электарату, але выратуюць жыцьці, а ковід-дысыдэнтцва Лукашэнкі можа быць даспадобы многім людзям, якія галасавалі за Ціханоўскую», — Сьвятлана Хілько.

Пра розныя погляды на пандэмію і неабходнасьць новых падыходаў дэмакратычных сілаў разважае былая сьледчая, распрацоўніца рэформы МУС у Народным антыкрызісным кіраўніцтве, праграмістка з Каліфорніі Сьвятлана Хілько.

Глядзець размову на відэа цалкам

Сьцісла

  • Колькі цяпер ні выходзь са сьцягам, з заклікамі, гэта ўжо не працуе. Мы зразумелі, што нешта працуе, і думаем, што гэта будзе заўсёды. Трэба мяняць падыходы.
  • Я магу ўявіць некаторых сваіх сяброў, знаёмых, родных у Беларусі, якія за дэмакратычны парадак дня, але тое, што Лукашэнка сарваў маску, ім бліжэй, чым тое, калі дэмакратычныя сілы заклікаюць насіць маскі і рабіць прышчэпкі.
  • Ці называем мы гэтае лідэрства жаночым? Наколькі Ціханоўская прасоўвае жаночы парадак дня? Колькі ў яе дарадцаў-жанчын? Наколькі гендэрныя пытаньні важныя для яе і для ейнага электарату? У мяне няма адказаў на гэтыя пытаньні.

Фрагмэнты з гутаркі са Сьвятланай Хілько

Пра разнастайнасьць прыхільнікаў пераменаў

Сьвятлана Хілько

— Нягледзячы на тое, што Лукашэнка не сышоў, наш дэмакратычны працэс працягваецца, і мы праходзім усё новыя этапы. Напачатку быў рэвалюцыйны настрой, усе былі абʼяднаныя, ішлі з усьмешкамі адзіным фронтам, верылі ў нешта сьветлае. Цяпер мы разумеем, што нашае грамадзтва — не адзінае цэлае, што ў нас розныя погляды на прышчэпкі, на гендэрныя ды іншыя пытаньні, і нашыя меркаваньні не супадаюць і, найхутчэй, ніколі не супадуць цалкам. Але гэта не перашкаджае нам рухацца наперад. Гэтую разнастайнасьць трэба навучыцца выкарыстоўваць. Наступны этап нашага сталеньня будзе ў тым, што мы прымем людзей з рознымі меркаваньнямі, зразумеем, што ёсьць і такія, і такія часткі грамадзтва, што мы зразумеем, хто мы ёсьць на самой справе, бо мы гэтага ня ведаем. У нас ёсьць карцінка, уяўленьне, што мы такія ці такія як грамадзтва, але ў гэтым яшчэ разьбірацца і разьбірацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выказалася супраць рэвалюцыйнай зьмены ўлады ў Беларусі

Пра «эпідэмію чырвоных» і антыпрышчэпнікаў-ябацек

— Мне не падабаецца, калі кажуць, што калі ты антыпрышчэпнік, то ты — ябацька, ці калі ў ЗША кажуць, што цяпер эпідэмія «чырвоных» (чырвонымі называюць штаты, у якіх людзі галасуюць пераважна за рэспубліканцаў), што ў штатах з такой палітычнай пазыцыяй людзі хварэюць на ковід болей (хоць лічбы такія ёсьць). Гэта гульня палітыкаў, якія, на жаль, ня ўсе думаюць пра жыцьці людзей і ня ўсе зацікаўленыя ў сапраўдным прагрэсе, а думаюць, як пераабрацца і захаваць электарат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры апазыцыі заклікалі Эўразьвяз даць Беларусі 1 мільён бясплатных вакцын

Пра маральную, але ня цалкам папулярную пазыцыю дэмсілаў у справе вакцынацыі


— Мне імпануе пазыцыя дэмакратычных сілаў Беларусі, Ціханоўскай, Латушкі, усіх, хто зь імі абʼядноўваецца. Яны разумеюць дакладна, што ідуць крыху супраць свайго электарату. І сёньня з пункту гледжаньня палітыка Лукашэнка ўсё робіць больш слушна, чым дэмакратычныя сілы. Ён правёў экспэрымэнт — увёў масачны рэжым на некалькі дзён (гэта было зроблена зь яго ведама), атрымаў зваротную сувязь ад насельніцтва, якому не даспадобы былі абмежаваньні, і зрабіў высновы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​Чаму Лукашэнка стаў ковід-дысыдэнтам

Пра сарваную маску Лукашэнкі

— Лукашэнка зрабіў карцінку — нарада, чыноўнікі, якіх ён ганіць за тое, што яны пакрыўдзілі народ. І нават для той часткі людзей, якія за дэмакратычныя перамены, вельмі блізка тое, што ён кажа. Гэта цаляе. Гэтыя крыкі ў шпіталі, калі ён зрывае зь сябе маску, пытаецца, а як яе надзець, што гэта ўсё нязручна, нейкі дзіцячы садок, каб такога са мной больш у шпіталі не было. Я асабіста магу ўявіць некаторых сваіх сяброў, знаёмых, родных у Беларусі, якія за дэмакратычны парадак дня, але тое, што Лукашэнка сарваў гэтую маску, ім бліжэй, чым тое, што кажуць дэмакратычныя сілы (насіце маскі, рабіце прышчэпкі).

Пра падзеленую праз вакцынацыю дэмакратычную супольнасьць

— Дэмакратычныя сілы ў справе прасоўваньня вакцынацыі ўсё робяць слушна, але трэба разумець, што грамадзтва цяпер падзялілася, і дэмакратычнае грамадзтва падзялілася. Кажуць, маўляў, ня трэба раздражняць, ня трэба ўздымаць гендэрныя ці іншыя пытаньні, бо гэта разьдзеліць дэмакратычныя сілы. Вось і разьдзяліў дэмакратычныя сілы парадак дня, пра прышчэпкі ў тым ліку. Тым ня менш мы гэта ўздымаем, таму што лічым чалавечыя прынцыпы важнейшымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія захады супраць COVID-19 дзейнічаюць у Беларусі і суседніх краінах. Інфаграфіка

Пра ковід-дысыдэнцтва на постсавецкай прасторы

— Можа, гэта спосаб выказаць сваю нязгоду, спосаб выказваньня пратэсту, недаверу да ўлады, спосаб сказаць, што мы вашым экспэртам не давяраем. Але ўсё ж многія беларусы сталі прышчапляцца, калі пабачылі, што палова вёскі ў шпіталі і іх суседзі паміраюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарачая спрэчка пра сэксізм паміж Дудзінскім, Зарэцкай і Хілько

Пра ўплыў/няўплыў жаночага лідэрства падчас мірных пратэстаў 2020-га на грамадзтва

— Ці называем мы гэтае лідэрства жаночым? Напэўна, ня хочацца абмяркоўваць Сьвятлану Георгіеўну. Хаця чаму б не абмяркоўваць, бо ў кагосьці гэтыя пытаньні ўзьнікаюць. Яна зьяўляецца лідэрам, ці ўсё ж яна атачыла сябе мужчынамі і робіць тое, што яны хочуць? Наколькі яна прасоўвае жаночы парадак дня? Колькі ў яе дарадцаў-жанчын? Наколькі гендэрныя пытаньні для яе важныя? Наколькі гендэрныя пытаньні важныя для яе электарату? Наколькі нашыя лідэры цяпер гатовыя агучваць гендэрныя пытаньні і, магчыма, быць не ў мэйнстрыме? Ці гатовыя яны тлумачыць, што гендэрны парадак дня патрэбны і чаму ён выгадны найперш мужчынам, бо вялікая колькасьць працоўных жанчын у эканоміцы — гэта ў тым ліку прыбытак для мужчын і рост эканомікі? Ня ведаю. На сёньня ў мяне няма адказаў на гэтыя пытаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя замест міліцыі, цывільны міністар, дэмілітарызацыя, выбары мясцовых кіраўнікоў. 15 фактаў пра рэформу МУС

Пра мужчын на чале дзяржавы цяпер і ў будучыні

— Калі я спрабую данесьці гендэрны парадак дня, то бачу, што жанчыны ў большасьці, але ня ўсе падтрымліваюць гэта, а вельмі шмат мужчын тым ці іншым спосабам супрацьдзейнічаюць ці ня хочуць, каб гэты парадак дня гучаў. На сёньня пераважна мужчыны займаюць у Беларусі дзяржаўныя пасады, і мне складана ўявіць, што мужчыны, якія выступаюць супраць гендэрнага парадку дня ў Фэйсбуку, заняўшы гэтыя пасады ў будучыні, раптам пачнуць прызначаць жанчын на высокія пасады, ці што жанчыны трапяць у парлямэнт і будуць прасоўваць законы, у тым ліку і пра хатні гвалт. Я пакуль ня бачу, як гэта адбудзецца, але я спадзяюся, што нешта зрушыцца зь мёртвага пункту. Пакуль што ня бачна, што BYPOL хацеў жанчын у сваім атачэньні, ня бачна, каб у сілавым блёку нейкія зрухі адбываліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Неверагодны 2020-ы». Арцём Шрайбман: «Наўрад ці рэжым беларускага тыпу мог сысьці аксамітна»

Пра ўздым лета-восені 2020-га і здольнасьць мяняцца

— Гэтае адчуваньне было тады. Ня трэба хлусіць сабе, ня трэба падманваць іншых, ня трэба прыкідвацца, што мы на такім жа падʼёме цяпер выйдзем на вуліцы. Цяпер не працуюць тыя эмацыйныя моманты выхаду людзей на вуліцу. Нашы лідэры цяпер цудоўна бачаць, што яны перастаюць працаваць. Колькі ні выходзь са сьцягам, з заклікамі, гэта ўжо не працуе, не цаляе. Мы зразумелі, што нешта працуе, і думаем, што гэта будзе працаваць заўсёды.

Я жыву ў Крэмніевай даліне, і я разумею, што калі ты спыніўся на хвіліну, калі твая кампанія спынілася, то цябе абышлі канкурэнты. Важная здольнасьць мяняцца. Кожныя два тыдні ў нас спрынт, і кожныя два тыдні мы ставім новыя мэты і задачы, аналізуем, што за мінулыя два тыдні спрацавала ці не спрацавала і куды можна рухацца далей. А мы пабачылі, што такі варыянт спрацаваў мінулым разам, і спрабуем рэанімаваць яго. Мне падаецца, што гэта крыху сышло ў мінулае і трэба проста мяняць падыходы.