Дата дня
28 кастрычнікі 1950 году быў расстраляны Расьціслаў Лапіцкі, адзін з кіраўнікоў паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў
Яшчэ й сёньня ў родных мясьцінах пра яго ходзяць паданьні. Мне вядомыя прыклады, калі, атрымаўшы на ўроку вольную тэму пра героя, на якога яны хацелі б стаць падобнымі, вучні пісалі пра Расьціслава Лапіцкага.
У паваенныя 1940-я ў Мядзельскай дзесяцігодцы не было вучня, таленавіцейшага за Расьціслава.
Ён сьпяваў і граў на тузіне інструмэнтаў, майстраваў ровары і радыёпрыймачы, зрабіў электрамашыну, якой спрабаваў лекаваць людзей ад розных хваробаў, маляваў плякаты для ўрокаў батанікі й заалёгіі.
Аднак большасьць настаўнікаў не ганарылася Расьціславам, а трымалася зь ім насьцярожана. І не адно таму, што ён быў сынам сьвятара.
У школе ведалі, што яшчэ раней, у сямігодцы, Лапіцкага арыштоўвалі за сувязь з падпольнай арганізацыяй навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі й Віленскай сэмінарыі. Шаснаццацігадовы Расьціслаў быў асуджаны на тры гады, выйшаў на волю ў 1945-м паводле амністыі, але антысавецкіх поглядаў не зьмяніў, прычым адстойваў іх нават на занятках.
Калі Лапіцкія пераехалі ў Смаргонь, дзе Расьціслаў пайшоў у дзясяты кляс, занепакоілася ўжо кіраўніцтва тамтэйшай школы.
Пагатоў, новы вучань на ўроку адмовіўся пісаць твор пра «моладагвардзейцаў», абвясьціўшы, што ў яго і сяброў ёсьць свая «Гвардыя», якая змагаецца за Беларусь.
У словах Расьціслава не было перабольшаньня: ён сапраўды стварыў арганізацыю зь пятнаццаці чалавек. Юнакі не бяз посьпеху вялі агітацыю на школьных вечарынках і ў клюбе, дзе іхні кіраўнік граў на піяніна. А неўзабаве ў Смаргоні зьявіліся сотні антыкамуністычных улётак.
Расьціслаў мусіў перайсьці на нелегальнае становішча. Партызаны Арміі Краёвай абяцалі пераправіць яго за мяжу, ды перашкодзіла цяжкая хвароба.
Яго арыштавалі ў Кабыльніку на Нарачы. На допытах у Вялейскай турме Расьціслава так зьбівалі, што знаёмы арыштант не пазнаў яго, прыняўшы за старога дзеда.
Выступ на судзе Лапіцкі выкарыстаў не на апраўданьні, а дзеля абвінавачаньня камуністычнага рэжыму ў антынароднай палітыцы — непамерных падатках, калгасным прымусе, закрыцьці храмаў. Трыбунал Беларускай вайсковай акругі прысудзіў яго да расстрэлу. Расьціслаў адмовіўся прасіць памілаваньня.
Біёграфам Лапіцкага стаў гісторык Міхась Чарняўскі, што паходзіць з тых самых мясьцінаў. «Як пошуг маланкі» — назваў ён сваю кнігу, якая выйшла ў сэрыі «Нашы славутыя землякі».
Аднайменны фільм зьняў на тэлеканале «Белсат» рэжысэр Валеры Мазынскі. На месцы расстрэлу героя ў 2008-м усталявалі памятны знак і крыж, якія неўзабаве былі зьнішчаныя ідэйнымі спадкаемцамі сталінскіх катаў, але зноў і зноў аднаўляліся наступнікамі Лапіцкага.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 238-239.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяцёра непамяркоўныхУ гэты дзень год таму
- Латушка абвясьціў пра стварэньне Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва.
- Кандыдат у прэзыдэнты ЗША Джо Байдэн выступіў з рэзкай крытыкай Лукашэнкі.
- Некалькі дзясяткаў выкладчыкаў і супрацоўнікаў Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту далучыліся да страйку.
- У Мазыры ў будынак ДАІ кінулі бутэльку з запальнай вадкасьцю і напісалі на сьцяне «Адплата!»
Гэты дзень у гісторыі
1523 — у Кракаве выйшла з друку лацінская паэма Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра» — хрэстаматыйны твор беларускай літаратуры Сярэднявечча.
1886 — адбылося афіцыйнае адкрыцьцё статуі Свабоды ў Нью-Ёрку.
1892 — у музэі Грэвэн Эміль Рэно прадставіў «пантамімы, якія сьвецяцца»; да юбілею гэтай падзеі быў заснаваны «Міжнародны дзень анімацыі».
1918 — абвяшчэньне незалежнасьці Чэхаславаччыны.
1939 — у Беластоку пачаў працу Народны Сход Заходняй Беларусі, які прыняў Дэклярацыю аб уключэньні Заходняе Беларусі ў склад БССР. Папярэднічалі сходу выбары, на якіх былі абраныя 926 дэпутатаў. Народны сход меў фармальны характар, бо праводзіўся пад поўным кантролем уладаў.
1939 — войскі Літоўскай Рэспублікі, на падставе ранейшай дамовы з Масквою, занялі Вільню.
1942 — нацысты зьнішчылі гета ў Пінску.
1962 — савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў абвясьціў пра вывад савецкіх ядзерных ракетаў з Кубы. Карыбскі ракетны крызіс перад гэтым паставіў быў сьвет на мяжу ядзернай вайны.
У гэты дзень нарадзіліся
1845 — Зыгмунт Урублеўскі, навуковец-фізык, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў.
1884 — Флярыян Ждановіч, актор, рэжысэр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў прафэсійнага беларускага тэатру. Быў мастацкім кіраўніком Першага беларускага таварыства драмы й камэдыі. У 1930-м яго арыштавалі й засудзілі на тры гады катаргі, якую ён адбываў на Беламорканале. У 1938-м Ждановіча арыштавалі ізноў. На тым ягоная біяграфія абарвалася.
1904 — Іван Сацункевіч, беларускі дзяржаўны дзеяч, эканаміст, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падпольля і партызанскага руху на Меншчыне падчас Другой сусьветнай вайны.
1904 — Парфён Савіцкі, беларускі гісторык.
1955 — Біл Гейтс, заснавальнік кампутарнай кампаніі Microsoft.
1972 — Аляксандар Старыкевіч, беларускі журналіст.
У памяці
1704 — Джон Лок, ангельскі філёзаф.
1998 — Тэд Х’юз, ангельскі паэт.