Беларускі транзыт уцекачоў у Нямеччыну. Як ён працуе і як яго спыніць

Група ірацкіх мігрантаў пасьля перасячэньня беларуска-польскай мяжы каля Гайнаўкі, 14 кастрычніка 2021

Прыток нелегальных мігрантаў празь Беларусь і Польшчу ў Нямеччыну не спыняецца. DW распавядае, як наладжаная дастаўка ўцекачоў у Нямеччыну і аб мерах Бэрліну па яе спыненьні.

«Колькасьць выяўленых парушальнікаў нямецка-польскай мяжы па-ранейшаму вялікая. З кожным днём яна, вядома, вагаецца. Але трэнд апошніх месяцаў на значны рост колькасьці нелегальных пераходаў яшчэ ня спынены», — паведаміў карэспандэнту DW прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Нямеччыны Стыў Альтэр. Размова ідзе аб уцекачах пераважна зь Іраку, Ірану, Сырыі, Афганістану і Пакістану, якія трапляюць у Нямеччыну празь Беларусь, а затым — праз Польшчу.

Паводле зьвестак Фэдэральнага ведамства ў справах міграцыі і ўцекачоў (BAMF), з пачатку году гэтым маршрутам у Нямеччыну прыбыло ўжо звыш шасьці тысячаў шукальнікаў прытулку.

Пашпарты са штампам беларускіх памежнікаў

Практычна ва ўсіх затрыманых альбо ў нелегальных мігрантаў, якія добраахвотна здаліся нямецкім уладам, супрацоўнікі паліцыі выяўляюць пашпарты са штампам беларускіх памежнікаў. Таму і не выклікае сумневаў, што для прыбыцьця ў Эўразьвяз гэтыя людзі скарысталіся менавіта «беларускім транзытам», які, як лічаць у Бэрліне, быў адкрыты і існуе ня толькі зь ведама, але і пры актыўнай падтрымцы менскага рэжыму.

Паводле дублінскага рэглямэнту, мігранты павінны падаваць хадайніцтвы аб атрыманьні прытулку ў той краіне, дзе яны ўпершыню перасеклі мяжу Эўразьвязу. Але ў Польшчы ўцекачы імкнуцца праскочыць 700 кілямэтраў зь яе ўсходняй мяжы да заходняй незаўважанымі і не пакінуўшы свае адбіткі пальцаў у дактыляскапічнай базе дадзеных ЭЗ.

Дэманстрацыя салідарнасьці зь мігрантамі, Варшава, 17 кастрычніка 2021

Многім гэта ўдаецца, таму і колькасьць уцекачоў, якіх нямецкія ўлады могуць адправіць назад у Польшчу, вельмі невялікая. «Гэта выклікана тым, што ў многіх выпадках немагчыма ўстанавіць абавязак польскіх уладаў займацца мігрантамі», — растлумачыў Стыў Альтэр. А бяз гэтага Польшча адмаўляецца прымаць зь Нямеччыны ўцекачоў назад.

Ад Менску да польскай мяжы

У выніку апытаньняў нелегальных мігрантаў у нямецкіх праваахоўных органаў склалася даволі яснае ўяўленьне аб тым, як менавіта працуе «беларускі транзыт».

Уцекачы прыбываюць у Беларусь па паветры. Пра гэта сьведчаць памежныя штампы, пастаўленыя ў менскім аэрапорце. Перад гэтым нейкае «бюро падарожжаў» у краіне зыходу падае ў беларускае консульства заяўку на 30-дзённую візу (калі такая патрабуецца) ад імя свайго «кліента-вандроўніка», які загадзя перавёў неабходную суму — яна вагаецца ад 4 да 12 тысяч долараў — на дэпазытны рахунак.

Пасьля прыбыцьця ў Менск «турыста» у залежнасьці ад набытага ім пакету паслугаў альбо адвозяць у гатэль, альбо адпраўляюць у залю чаканьня. Калі набіраецца «камплект», групу саджаюць у аўтобус і адвозяць да заходняй мяжы. Некаторыя ўцекачы распавядаюць нямецкім паліцыянтам, што беларускія памежнікі нават дапамагалі ім прайсьці на польскі бок — рэзалі праходы ў загародзе з дроту або з дапамогай дронаў знаходзілі бясьпечную шчыліну ў Польшчу.

З Польшчы ў Нямеччыну на грамадзкім транспарце

Ужо на польскім баку ўцекачы з дапамогай геалякацыі ў смартфоне вызначаюць месцазнаходжаньне чалавека, які павязе іх далей на захад. Гэта ўскладняе працу польскіх памежнікаў, паколькі ўцекачы не вядуць тэлефонныя размовы, якія можна было б праслухаць.

Транспарт на польскім боку, як правіла, уяўляе сабой малы грузавы фургон тыпу Fiat Ducato або Renault Master, у кузаў якога набіваецца па 30-40 чалавек. Ёсьць і легкавая машына суправаджэньня. Яна едзе на некалькі кілямэтраў наперадзе фургона для разьведкі. Калі раптам на дарозе праверка, маршрут мяняецца.

Мігрант з Самалі, які трапіў у Польшчу празь Беларусь

Часам кантрабандысты трапляюцца. Асабліва вялікім быў «улоў» 22 кастрычніка. За суткі — 14 затрыманьняў па падазрэньні ў спрыяньні нелегальнай іміграцыі. Сярод затрыманых было два немцы, астатнія — грамадзяне Польшчы, Сырыі, Італіі, Румыніі, Ірану, Грузіі і нават Узбэкістану.

Самы апошні этап — празь польска-нямецкую мяжу — пераадольваецца рознымі спосабамі: і на тым жа фургоне, паколькі праверкі на аўтатрасах бываюць толькі эпізадычна, і пешкі, і на таксі, і на грамадзкім транспарце, напрыклад, на 983-м аўтобусе, які ходзіць з польскіх Слубіцаў у нямецкі Франкфурт-на-Одэры.

Ужо на нямецкім баку ўцекачы робяць сэлфі ў якасьці доказу пасьпяховага прыбыцьця ў Нямеччыну. Толькі пасьля гэтага арганізатар «падарожжа» атрымлівае грошы з таго самага дэпазытнага рахунку. Усё сумленна.

Ціск Бэрліну на краіны зыходу

Каб спыніць паток мігрантаў у Нямеччыну празь «беларускі транзыт», нямецкі ўрад вядзе перамовы і з авіякампаніямі, якія ажыцьцяўляюць рэйсы ў Менск, і з краінамі адпраўленьня.

З Іракам, напрыклад, ужо ўдалося дамовіцца — прамыя рэйсы з Багдаду і іншых ірацкіх гарадоў у Беларусь спыненыя. Затое, распавёў прэсавы сакратар МЗС Нямеччыны Крыстафэр Бургер, пачасьціліся рэйсы ў Менск з Дамаску, Бэйруту, Аману, праз Стамбул і праз Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Польскія паліцэйскія і памежнікі ахоўваюць групу мігрантаў, якія спрабавалі перасекчы мяжу паміж Беларусьсю і Польшчай каля вёскі Горны Уснар

На перамовах з гэтымі краінамі размова, відавочна, ідзе аб той немалой фінансавай дапамозе, якую ім аказвае Нямеччына ў рамках праграмы спрыяньня разьвіцьцю. Бургер недвухсэнсоўна даў зразумець, што менавіта пагроза перакрыць гэтую фінансавую крыніцу заахвоціла ўлады Іраку пайсьці насустрач нямецкім патрабаваньням.

Авіякампаніі рызыкуюць пазбавіцца правоў на палёты ў ЭЗ

Адносна авіякампаніяў, якія абслугоўваюць беларускі напрамак (акрамя Менску, дарэчы, міжнароднымі лічацца таксама аэрапорты Віцебску, Берасьця, Гомля, Горадні і Магілёва), урад Нямеччыны і Эўракамісія выкарыстоўваюць іншыя мэтады ўзьдзеяньня: ім пагражаюць ануляваць правы на палёты ў краіны Эўразьвязу і нават унесьці адказных асобаў у санкцыйны сьпіс, замарозіўшы іх банкаўскія рахункі, забараніўшы ўезд і арыштаваўшы маёмасьць.

Па зьвестках МЗС Нямеччыны, сярод уцекачоў, якія карыстаюцца «беларускім транзытам», асабліва шмат выхадцаў з поўначы Іраку. І ў гэтым рэгіёне, заявіў Крыстафэр Бургер, асабліва актыўныя нейкія фірмы, якія мэтанакіравана агітуюць мясцовых жыхароў эміграваць у ЭЗ, прапануючы ім пакет «турпаслугаў» з авіяквітком да Менску ў адзін бок.

Нацыянальны аэрапорт «Менск»

Нельга забараніць авіякампаніям браць на борт самалёта пасажыраў з квіткамі ў адзін бок, але калі ня быць наўмысна наіўным, кажа Бургер, можна зразумець, з якой мэтай адпраўляецца ў палёт такі чалавек: «Таму ў якасьці першага кроку мы просім такія кампаніі належным чынам зважаць на гэтую праблему, бо калі яны стануць часткай такой сыстэмы, ім давядзецца лічыцца з адпаведнымі наступствамі».

А пра тое, што размова ідзе менавіта пра пастаўленую на шырокую нагу і добра арганізаваную сыстэму нелегальнай міграцыі ў ЭЗ, сьведчыць той факт, што да авіяперавозак у Беларусь падключыліся невялікія чартэрныя авіякампаніі, якія раней не абслугоўвалі гэты напрамак.

«Гэта ўзмацняе нашыя падазрэньні, — кажа Стыў Альтэр з МУС Нямеччыны, — што кола тых, хто не спыняе такую кантрабанду людзей або нават ёй спрыяе, дастаткова шырокае і не абмяжоўваецца дробнымі крымінальнікамі».