У Расеі траіх «сьведак Яговы» прыгаварылі да 8 гадоў калёніі

Рэпрадукцыя зь Бібліі «сьведак Яговы»

Суд у Астрахані прысудзіў траім «сьведкам Яговы» па восем гадоў калёніі, а яшчэ адной верніцы — тры з паловай гады пазбаўленьня волі

Пра гэта паведаміла абласное ўпраўленьне Сьледчага камітэту РФ. Гэта адзін з самых суровых прысудаў, вынесеных «сьведкам Яговы» з таго часу, як Вярхоўны суд Расеі ў 2017 годзе прызнаў арганізацыю экстрэмісцкай і забараніў яе.

Паводле вэрсіі сьледзтва, абвінавачаныя пасьля забароны арганізацыі ў 2017 годзе і да затрыманьня ў чэрвені 2020 году «працягнулі арганізоўваць сходы», «выкарыстоўвалі меры кансьпірацыі, у тым ліку відэа-канфэрэнц-сувязь», займаліся распаўсюдам экстрэмісцкай літаратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У расейскім Варонежы за дзень правялі звыш сотні ператрусаў у Сьведак Яговы

Справу чацьвярых «сьведак Яговы» суд у Астрахані разглядаў з чэрвеня. Актора тэатру лялек Рустама Дыярава, будаўніка Яўгена Іванова і зваршчыка Сяргея Клікунова абвінавачвалі ў стварэньні экстрэмісцкай арганізацыі і зборы сродкаў на яе працу. Жонку Іванова Вольгу абвінавачвалі ва ўдзеле ў абшчыне. Дыяраў, Іваноў і Клікуноў з чэрвеня 2020 году знаходзяцца ў СІЗА, Вольга Іванова — пад хатнім арыштам.

«Рэальнае пазбаўленьне волі для жанчыны і рэальныя турэмныя тэрміны да 8 гадоў для мужчын зьяўляюцца яшчэ адным доказам узмацненьня жорсткасьці кампаніі супраць „сьведак Яговы“», — заявіў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Сава» Аляксандар Вярхоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі быць сьведкам Яговы не злачынства». У Расею вернікі стараюцца ня езьдзіць

У праваабарончай арганізацыі Amnesty International заявілі, што ўзрушаныя весткай аб чарговым суровым прысудзе па абвінавачваньні ў экстрэмізьме ў дачыненьні да чатырох «сьведак Яговы» з Астрахані. Праваабаронцы заклікалі расейскія ўлады неадкладна вызваліць іх.

У красавіку 2017 году Вярхоўны суд Расеі прызнаў «сьведак Яговы» экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніў іх дзейнасьць на тэрыторыі РФ. У лютым 2020 году Расфінманіторынг уключыў больш за 200 пасьлядоўнікаў гэтай рэлігійнай плыні ў сьпіс арганізацыяў і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці або тэрарызму. З таго часу сьпіс неаднаразова папаўняўся, а дзясяткі «сьведак Яговы» атрымалі рэальныя турэмныя тэрміны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Задушэньне, электрашокер, пагрозы згвалтаваньня. Сьведка Яговы ў Расеі заявіў пра катаваньні пасьля затрыманьня

Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» лічыць палітвязьнямі 49 «сьведак Яговы», зь якіх 32 знаходзяцца пад вартай, а 17 — пад хатнім арыштам, 280 вернікаў перасьледуюць без пазбаўленьня волі. Агульная колькасьць вернікаў, якія перасьледуюцца за дачыненьне да абшчынаў «сьведак Яговы», перавысіла 398 чалавек. Многія з затрыманых заяўлялі аб катаваньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь ня выдала ў Расею яшчэ аднаго «сьведку Яговы»

У Беларусі «сьведкі Яговы» не зьяўляюцца забароненай ці экстрэмісцкай арганізацыяй. Беларускія праваахоўныя органы некалькі разоў адмаўлялі Расеі ў выдачы ёй расейскіх грамадзянаў, якіх у Расеі абвінавачваюць у датычнасьці да «сьведак Яговы».