Пра рэвалюцыю
Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію «Эхо Москвы» выступіла супраць рэвалюцыйнай зьмены ўлады ў краіне:
«Я супраць такога сцэнару, я яго не падтрымліваю. Мабыць, ува мне гаворыць жанчына ў першую чаргу. І я разумею, што пры такіх падзеях ахвяры непазьбежныя, шматлікія ахвяры, асабліва калі рэжым Лукашэнкі гатовы страляць. А мы ведаем, што яны гатовы забіваць людзей. Таму я не хацела б ахвяраваць беларусамі ў такім захопе».
Пра санкцыі
«Санкцыі маглі б мець нашмат большы эфэкт, калі б прадстаўнікі рэжыму не маглі прыехаць у Расею і ўзяць крэдыты. А яны могуць. Таму давайце задамо пытаньне прадстаўнікам Крамля: ці вартыя яны таго?» — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў эфіры «Эхо Москвы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жыцьцё стала барацьбой». Размова зь Ціханоўскай, Цапкалай і сястрой КалесьнікавайЗь яе пункту гледжаньня, новы чалавек ва ўладзе на аснове ўзаемавыгаднай і адкрытай пазыцыі толькі палепшыць гандлёвыя, эканамічныя адносіны Беларусі з Расеяй. Чаму ў Маскве думаюць, што пасьля Лукашэнкі ўсё будзе кепска? — перапытала яна.
Пра Пуціна
Таксама Сьвятлана Ціханоўская паразважала, ці можа прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін стаць мадэратарам размовы паміж ёй і Лукашэнкам або яго прадстаўніком.
«Вядома, можа, як і прадстаўнікі іншых краін. Дзеля таго, каб дамоўленасьці, якія будуць выказаныя на перамовах падчас дыялёгу, усімі прымаліся і былі прадстаўнікі іншых краін, якія гэта фіксуюць, каб далей не ўзьнікала пытаньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У адну руку трэба ўзяць бел-чырвона-белы сьцяг, а ў другую — афіцыйны». Някляеў пра паразу рэвалюцыі, Лукашэнку-прэм’ера і ЦіханоўскуюПра Расею
Сама Сьвятлана Ціханоўская ў адказ на пытаньне, ці баіцца яна прыяжджаць у Расею, адказала, што так.
«Пакуль што баюся, бо была там абвешчаная ў вышук. Вядома, пагроза арышту застаецца — беларусаў, якія выехалі на тэрыторыю Расіі, экстрадуюць вельмі лёгка».
Пра памылкі
Журналісты «Эха Москвы» таксама пацікавіліся, ці можна было зрабіць штосьці інакш падчас пратэстаў пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў ізноў узяць барацьбу з COVID-19 у свае рукі«Напэўна, па-іншаму было нельга. Мы рабілі, не хачу казаць слова рэвалюцыя, але так і ёсьць, зыходзячы зь бягучых падзеяў. Адзінае, чаго недаацанілі ў той момант, — гэта неадэкватнасьць улады. Я, слова гонару, была ўпэўненая: так званая ўлада ўбачыць сотні тысяч людзей на вуліцах і зразумее, што час ужо весьці дыялёг зь беларусамі, а ня ўтрымліваць уладу сілай. Прымаць рашэньні для людзей, а не для аднаго чалавека».
Пра новыя выбары
Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што не плянуе больш балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах — найперш таму, што ня мае палітычных амбіцый. На яе перакананьне, ёсьць шмат вартых людзей, якія здольныя ўзяць на сябе кіраўніцтва краінай.