Кампанія амэрыканскага мільярдэра Джэфа Бэзаса Blue Origin і Sierra Space будуе ўласную касьмічную станцыю, якая будзе выкарыстоўвацца ў тым ліку ў камэрцыйных мэтах, паведамляе DW. Станцыя пад назвай «Арбітальны рыф» (Orbital Reef) будзе знаходзіцца на нізкай калязямной арбіце. Увесьці яе ў эксплуатацыю плянуецца паміж 2025 і 2030 гадамі.
«Арбітальны рыф» будзе функцыянаваць як «шматфункцыянальны бізнэс-парк» для дасьледчыкаў, бізнэсоўцаў, турыстаў і іншых кліентаў кампаніі. Скарыстацца яго паслугамі змогуць, напрыклад, тыя, хто здымае фільм пры мікрагравітацыі, мае намер адкрыць касьмічны гатэль або праводзіць навуковыя дасьледаваньні, зьвязаныя з космасам.
Згодна з прэс-рэлізам, «Арбітальны рыф» будзе амаль такі ж вялікі, як Міжнародная касьмічная станцыя, і зможа зьмясьціць каля 10 чалавек. Blue Origin вядзе працу над уласнай касьмічнай станцыяй ужо прынамсі год. У верасьні 2020-га тэлеканал CNBC паведамляў, што кампанія адкрыла набор на вакансію «кіраўніка распрацоўкі арбітальнага асяродзьдзя пасяленьня».
- Уладальнік Blue Origin і заснавальнік інтэрнэт-крамы Amazon Джэф Бэзас — самы багаты чалавек у сьвеце. Ягонае багацьце ацэньваецца часопісам Forbes у больш як 200 мільярдаў даляраў.
- Кампанія Blue Origin пачала распрацоўваць сыстэму для субарбітальных палётаў у 2006 годзе. З 2012 году ракета праходзіла выпрабаваньні. Першы прататып адпраўлены на арбіту ў 2015 годзе.
- У ліпені ракета New Shepard з прыватнай стартавай пляцоўкі ў Заходнім Тэхасе вывела ў субарбітальны палёт пілятаваную капсулу з чатырма астранаўтамі. У іх ліку быў сам Джэф Бэзас, 82-гадовая пілёт Уолі Франк, 18-гадовы Олівэр Дэймэн (ён стаў самым маладым астранаўтам у гісторыі), а таксама брат Джэфа Бэзаса Марк.
- 13 кастрычніка карабель «Нью Шэпард» кампаніі Джэфа Бэзаса «Blue Origin» зьдзейсьніў другі пілятаваны субарбітальны палёт, ён працягваўся крыху больш за 10 хвілін. Падчас палёту карабель перасек так званую лінію Кармана — 100 км ад паверхні Зямлі. Міжнародная авіяцыйная фэдэрацыя лічыць гэтую лінію мяжой космасу. Сярод чатырох пасажыраў карабля быў Уільям Шэтнэр, які выканаў у 60-я гады ролю капітана Кірха ў культавым сэрыяле пра касьмічныя палёты «Star Trek». У 90 гадоў Шэтнэр стаў найстарэйшым чалавекам, які пабываў у космасе.
- ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NASA пасьпяхова выпрабавала самую магутную ракету ў сьвеце ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі «кінаэкіпаж» вярнуўся на Зямлю пасьля здымак першага ў гісторыі фільма пра космас