Група «Эканамічны Ціск» ініцыятывы «Беларусы Замежжа» запусьціла сайт belarus2020.info са сьпісам кампаній пастаўшчыкоў і партнэраў, якія закупляюць прадукцыю беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў або пастаўляюць транспарт і зброю беларускім сілавікам.
«Мы запусьцілі гэты праект, каб у ветлівай, але настойлівай форме заклікаць кампаніі, якія супрацоўнічаюць з рэжымам, да байкоту Лукашэнкі. З часам мы хочам зьвярнуцца да ўсіх кампаній, якія купляюць або пастаўляюць тавары ці паслугі любым беларускім дзяржаўным органам і прадпрыемствам, за выключэньнем прадуктаў харчаваньня, мэдыцынскага абсталяваньня і лекаў. Гэты ціск пазбавіць сродкаў і створыць складанасьці для дзейнасьці рэжыму і падаўленьня пратэстаў», — адзначаюць стваральнікі сайту.
У пераліку кампаній — Scania (пастаўшчык рухавікоў для БелАЗ), Bosch (пастаўшчык дэталяў для МТЗ), British American Tobacco і Japan Tobacco International (пастаўкі абсталяваньня і сыравіны на горадзенскую тытунёвую фабрыку «Нёман»), Siemens (пастаўшчык турбін для БелАЭС і абсталяваньня для Менскэнэрга), Iveco (на базе іх грузавікоў вырабляюць вадамёты), Glock (пастаўляе пісталеты для МУС, АМАП, унутраных войскаў) Mercedes (пастаўляе аўтамабілі УДП І МУС), Yara international (буйны пакупнік калійных угнаеньняў), IKEA і Kronospan (пакупнікі драўніны беларускіх дзяржаўных кампаній) і іншыя кампаніі.
На сайце даецца кароткая інфармацыя па супрацы кожнай кампаніі зь Беларусьсю, а таксама спасылкі на яе сацсеткі/e-mail. Сайт будзе абнаўляцца і дапаўняцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Siemens працягвае пастаўляць Беларусі турбіны, хоць нямецкі банк скасаваў крэдыт ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Yara пасьля сустрэчы зь Сьвятланай Ціханоўскай: «Мы гатовыя перагледзець рашэньне»