Выйшаў кароткамэтражны арт-фільм «0908» — першы з 12-сэрыйнага праекту «Revolution». Відэа

Уначы на 24 кастрычніка адбылася прэмʼера першага з 12 кароткамэтражных арт-фільмаў праекту «Revolution», прысьвечанага беларусам і іх барацьбе за свабоду. Ён мае назву «0908».

Над праектам працуюць дзьве рэпрэсаваныя беларускі — рэжысэрка Дар’я Брыян і прадусарка Марыя Крук — у партнэрстве зь Беларускім моладзевым хабам.

«Наш фармат — экспэрымэнтальнае кіно пра боль беларускага народа. Вылучаючы ў назове слова love, якое намалявана люстрана, мы хочам паказаць мірны і негвалтоўны характар беларускай рэвалюцыі. Менавіта гэты жэст ❤️ Маша Калесьнікава прадэманстравала на тым самым кананічным першым фатаздымку абʼяднанага штабу», — гаворыцца ў апісаньні праекту на Youtube.

Першы кароткамэтражны фільм сэрыі мае назву «0908». Ён быў зьняты яшчэ ў канцы лістапада 2020 году ў рамках праекту «Вянок 2.0». Але пасьля затрыманьня прадусаркі і перасьледу ўдзельнікаў праекту ролік так і ня быў змантаваны і апублікаваны, а яго стваральнікам давялося пакінуць Беларусь і пераехаць у Варшаву. Праз год рэжысэрка Дар’я Брыян і прадусарка Марыя Крук прынялі рашэньне выпусьціць рэжысэрскую вэрсію, «у якой больш поўна раскрываюцца актуальныя эмоцыі і пачуцьці беларусаў».

«У 0908 мы аддаём даніну Аляксандру Тарайкоўскаму і іншым адважным героям, якія пацярпелі ад жорсткасьці і гвалту лукашэнкаўскага рэжыму», — гаворыцца ў апісаньні да відэа.

Удзельнікі арт-праекту — каманда людзей, якія прайшлі празь беларускія рэпрэсіі. Неадʼемнай часткай кожнага роліку стане арт-стылістыка і элемэнты пэрформансу.