Год назад у гэты дзень
Напярэдадні абвешчанага Сьвятланай Ціханоўскай усеагульнага страйку ў Менску і іншых гарадах краіны адбыўся «Марш народнага ўльтыматуму». У Менску марш сабраў звыш 100 тысяч удзельнікаў і завяршыўся жорсткім разгонам.
Пад вечар праваабаронцы налічылі толькі ў Менску больш за 240 затрыманых.
У Горадні супрацьстаяньне сілавікоў і пратэстоўцаў скончылася сотняй затрыманьняў.
Адбыліся масавыя затрыманьні ў Барысаве, у Лідзе сілавікі ўжылі газ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску міліцыя ўжыла супраць пратэстоўцаў сьвятлашумавыя гранаты і гумовыя кулі. Ёсьць пацярпелыя. ВІДЭАРаніцай таго дня бел-чырвона-белыя сьцягі зьявіліся на высокіх будынках у розных гарадах Беларусі.
Іншыя даты дня
25 кастрычніка 1920 году войскі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча (15 тыс.) перайшлі часовую мяжу, пачаўшы ваенныя дзеяньні супраць Чырвонай Арміі.
25 кастрычніка 1936 году нарадзіўся Віктар Тураў, беларускі кінарэжысэр. Сярод прац Турава экранізацыя раманаў Івана Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы».
20 нечаканых фактаў пра Віктара Турава
Ягоную зьнятую паводле аповесьці расейскага пiсьменьнiка Паўла Ніліна лірычнапаэтычную стужку «Праз могілкі» ЮНЭСКО ў 1994-м улучыла ў лік найлепшых ста фільмаў. Тадысама ў сувязі з 100-годзьдзем кінэматаграфіі беларуса Віктара Турава ў ліку іншых выдатных дзеячаў усясьветнага кіно ўвялі ў ганаровы камітэт для сьвяткаваньня гэтае даты.
Але для мяне вяршыняю творчасьці Віктара Турава сталася экранізацыя мележаўскіх «Людзей на балоце». Я глядзеў яе тры разы з інтэрвалам у адзін дзень. «Вінаватыя» былі ня толькі рэжысэрскае майстэрства, бліскучы склад актораў і літаратурная аснова, але і тое, што героі фільму га вары лі па-беларуск у. Усё разам гэта нараджала мары пра наш, беларускі кінэматограф.
Фільм атрымаў Дзяржаўнуюпрэмію СССР і прызы некалькіх міжнародных кінафэстываляў. Працяг — «Подых навальніцы» — быў, як нярэдка здараецца, слабейшы, хоць для іншага рэжысэра лічыўся б бясспрэчнай удачай.
У 1989-м я меў радасьць рэдагаваць першы поўны пераклад «Шляхціча Завальні» Яна Барш ч э ў с к а г а . П р а з г о д , амаль адначасова з кнігаю, зьявіўся і тураўскі «Шляхціч» — на жаль, ужо адзін з апошніх яго значных фільмаў.
На першы погляд, ён не канфліктаваў з уладамі: быў народным артыстам, першым сакратаром праўленьня Саюзу кінэматаграфістаў рэспублікі, езьдзіў па сьвеце. Аднак Віктар, які скончыў Усесаюзны інстытут кінэматаграфіі ў 1960-м, а потым у той самы час яшчэ й займаўся ў творчай майстэрні Аляксандра Даўжэнкі, назаўсёды застаўся шасьцідзясятнікам — чалавекам, што зрабіў глыток свабоды і ня выдыхнуў яе з душы. Пра гэта сьведчыла і шматгадовае сяброўства з Уладзімерам Высоцкім і Марынай Уладзі.
60-годзьдзе ён адзначаў у Тэатры кінаактора, а потым у рэстаране гатэлю «Кастрычніцкі» пад пільным кантролем мэдыкаў, ужо безнадзейна хворы. Роўна праз тыдзень у той самай залі адбываліся памінкі, на якіх калега, Міхаіл Пташук, сказаў, што Тураў — першы ў беларускай кінэматаграфіі чалавек, які вывеў «людзей з балота» на міжнародны экран.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», с. 428-429
Таксама ў гэты дзень
1902 — была асьвячоная менская мячэць, помнік архітэктуры ХІХ стагодзьдзя.
2010 — у Пінску на заводзе «Пінскдрэў» адбыўся выбух і пажар, які забраў жыцьці 14 чалавек.
У гэты дзень нарадзіліся
1868 — беларускі скрыпач і пэдагог Карл Грыгаровіч
1881 — гішпанскі мастак Пабла Пікаса.
1884 — беларускі археоляг і гісторык Сяргей Дубінскі
1913 — беларускі кінаапэратар і рэжысэр Уладзімер Цэсьлюк.
1932 — беларускі крытык і перакладчык Уладзімер Анісковіч
1933 — беларуская мастачка Нэлі Шчасная
1934 — беларускі перакладчык і літаратар уругвайскага паходжаньня Карлас Шэрман
У памяці
1647 — італьянскі фізык і матэматык Эванджэліста Тарычэлі, які першы зьмерыў атмасфэрны ціск.
1958 — аўстрыйскі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1945 году Вольфганг Паўлі.
1983 — дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху, этнограф Мар’ян Пецюкевіч.
1991 — беларускі грамадзка-культурны, рэлігійны і сьвецкі дзяяч эміграцыі Міхась Міцкевіч, малодшы брат Якуба Коласа.
1995 — беларускі паэт Лявон Случанін.
Добра шапку закінуць пад лаву —
хай пад лаваю лета жыве.
Людзі скажуць: шаўковыя травы
парасьлі на маёй галаве.
Добра любую мець на прыкмеце
і любіць, колькі сілы стае.
Можа, будзе свавольнік-вецер
мне насіць пацалункі яе.
Каб пісаць такія сонечна-бесклапотныя вершы ў 1942-м, іх аўтар мусіў мець магутны зарад аптымізму й жыцьцёвай трывушчасьці. Як ні парадаксальна, гэты зарад Лявон Случанін атрымаў у лягерах на Беламорканале, куды трапіў у 1937-м. Напярэдадні вайны яму пашчасьціла вырвацца з жорнаў ГУЛАГу і нават два гады папрацаваць настаўнікам. Беларускае школьніцтва давала Лявону магчымасьць заробіць на хлеб і ў гады нямецкай акупацыі. Разам зь землякамі-паэтамі Янкам Золакам і Ўладзімерам Клішэвічам ён выдаў тады зборнік «Песьняры Случчыны».
У той самы час была створаная гістарычная паэма «Рагнеда», якой пашчасьціла выходзіць кнігамі тры разы: у 1944-м — у Вільні, у 1958-м — у Сыднэі й у 1994-м — у Салігорску.
Апошняе выданьне было прымеркаванае да 80-годзьдзя аўтара, перад якім мы з спадаром Лявонам абмяняліся сваімі кніжкамі, і я пачуў аповед аб тым, як эміграцыйны часопіс «Шыпшына» з глыбокім жалем паведаміў пра «заўчасную сьмерць выдатнага беларускага паэта Случаніна», які па вайне безразважна вярнуўся зь Нямеччыны ў Беларусь і быў засуджаны бальшавікамі на пятнаццаць гадоў зьняволеньня і пяць гадоў пазбаўленьня правоў як беларускі нацыяналіст ды аўтар антысталінскіх вершаў. Усё, апрача «заўчаснай сьмерці», было праўдай, і на родную Случчыну Лявон Раманавіч здолеў пераехаць з Комі АССР толькі ў 1973-м.
«Рагнеда нас лучыць, Валодзя», — амаль вершам сказаў ён, а я дакляраваў аздобіць фрагмэнтамі ягонай паэмы разьдзел пра непакорлівую Рагвалодаву дачку ў адным з будучых выданьняў маёй кнігі «Ад Полацку пачаўся сьвет».
«Ты ведаеш, а яна, Рагнеда, мне сьніцца, — прызнаўся спадар Лявон. — Ды яшчэ як!»
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», с. 420-421
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.