Такога не было са жніўня: Літва паведаміла пра новую хвалю мігрантаў зь Беларусі

Ілюстрацыйнае фота. Мігранты на беларуска-польскай мяжы

Літва фіксуе новую хвалю мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю. За 23 кастрычніка літоўскія памежнікі не ўпусьцілі 183 замежнікаў зь Беларусі, піша Delfi са спасылкай на Дзяржаўную службу аховы мяжы.

Гэта адзін з самых высокіх паказьнікаў у 2021 годзе з 2 жніўня, калі памежнікам дазволілі на законных падставах не ўпускаць мігрантаў зь Беларусі. 76 мігрантаў не пусьцілі ў Літву пятніцу 22 кастрычніка, 57 — у чацьвер, 79 — у сераду, 55 — у аўторак, 149 — у панядзелак і 49 — у мінулую нядзелю.

Плынь мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Літву зь Беларусі, расьце: за пэрыяд 1-23 кастрычніка літоўскія памежнікі не пусьцілі ў краіну 1558 чалавек, у той час як за ўвесь верасень іх было 981.

Кантроль мяжы на літоўскім баку ажыцьцяўляецца ва ўзмоцненым рэжыме. З пачатку 2021 году ўжо больш за 4,2 тысяч мігрантаў нелегальна перайшлі мяжу зь Беларусі ў Літву, большасьць зь іх — грамадзяне Іраку. У верасьні з мэтай спыніць незаконную міграцыю на мяжы пачалі ўжываць палітыку развароту мігрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына накіравала паліцэйскія падразьдзяленьні для аховы мяжы з Польшчай

373 спробы нелегальна трапіць у Польшчу зь Беларусі за дзень і 22 — у Латвію

Працягваюць затрымліваць мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Эўразьвяз, таксама польскія і латвійскія памежнікі.

Польскія памежнікі за мінулыя суткі зафіксавалі 373 спробы нелегальнага перасячэньня мяжы зь Беларусьсю. Таксама за дапамогу ў пераходзе мяжы затрымалі траіх замежнікаў — двух грамадзян Іраку і грамадзяніна Сырыі, паведамляюць польскія памежнікі ў Twitter.

На беларуска-латвійскім участку за мінулую пятніцу былі зафіксаваныя 22 спробы нелегальнага пераходу мяжы, паведамляюць латвійскія памежнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцы Нямеччыны і Эўракамісіі зноў абвінавацілі ўлады Беларусі ў «гібрыднай атацы» на Эўразьвяз