Рэдактару «Віртуальнага Берасьця» — 1.5 гады абмежаваньня волі за камэнтар пра дэпутата Марзалюка

Ігар Марзалюк, дэпутат палаты прадстаўнікоў, за камэнтар наконт якога асудзілі Андрэя Кухарчыка

Такі прысуд учора агучылі галоўнаму рэктару сайту ​"Віртуальнае Берасьце" Андрэю Кухарчыку

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру «Вясна».

У чацьвер у Маскоўскім судзе Берасьця пачаўся, а ў пятніцу ўжо завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да Андрэя Кухарчыка. Працэс вёў судзьдзя Яўген Брэган. Кухарчыка абвінавачвалі паводле артыкулу 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады».

Паводле вэрсіі абвінавачваньня, у тэлеграм-чаце «Абмяркоўваем небясьпечнае Берасьце» пад фатаграфіяй дэпутата палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка, Кухарчык напісаў камэнтар.

Калі судзіць па публічным відэа МУС пра дадзеную справу, камэнтаром былі словы: «Народ зьбілі, а дэпутат: " Забыцца крыўды і пачаць з чыстага ліста". Вось прыкарытная [..] ».

За гэты абвінавачаньне прапанавала прызначыць паўтара гады «хатняй хіміі». Судзьдзя Брэган з прапановай абвінавачваньня пагадзіўся і прызначыў менавіта такое пакараньне.

А сёньня сайт «Віртуальнае Берасьце» перастаў адчыняцца ў некаторых правайдэраў у Беларусі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Паводле БАЖ хутка свае лісты блякаваньняў абновяць і астатнія правайдэры, і на сайт можна будзе патрапіць толькі праз VPN. Афіцыйна інфармацыю пра блякаваньне рэдакцыя пакуль не атрымлівала. Гэта ўжо другая блякіроўка «Віртуальнага Берасьця», першая была ў жніўні 2020 году.