Прадстаўнік кампаніі, якая здымае фільм, паведаміў выданьню The Hollywood Reporter, што інцыдэнт адбыўся падчас здымак сцэны, у якой Болдуін страляў са зброі, якая мусіла быць зараджаная халастымі патронамі.
42-гадовая апэратарка Галіна Гатчынс памерла па дарозе ў шпіталь. 48-гадовы рэжысэр Джоэл Соўза шпіталізаваны ў крытычным стане.
Што менавіта адбылося на пляцоўцы і чаму зброя стрэліла, невядома. Паліцыя расьсьледуе, як менавіта выкарыстоўвалася зброя. Здымкі фільма спынілі на час расьсьледаваньня. Паліцыянты ўжо дапыталі Болдуіна. Якія-небудзь абвінавачаньні ў гэтай справе нікому ня выставілі, ніхто не арыштаваны.
Газэта Santa Fe New Mexican апублікавала здымкі ўзрушанага Болдуіна. Журналіст выданьня расказаў, што бачыў, як актор плакаў пасьля размовы з паліцыянтамі.
Кінагрупа здымала фільм «Rust» («Іржа») на ранча каля Санта-Фэ, штат Нью-Мэксыка. Алек Болдуін ня толькі выконвае галоўную ролю, але і выступае як прадусар фільму. Ён іграе знакамітага злачынца Гарланда Раста. Паводле сюжэту, ягонага ўнука абвінавачваюць у выпадковым забойстве і асуджаюць на сьмерць. Тады Раст накіроўваецца ў Канзас, каб вызваліць унука з турмы.
У 1993 годзе на здымках фільма «Крумкач» у выніку выпадковага стрэлу зь няправільна зараджанага пісталета загінуў актор Брэндан Лі.