Беларусь у 2022 годзе прапусьціць музычны конкурс «Эўравізія», які пройдзе ў траўні ў Турыне.
Гэта вынікае са сьпісу ўдзельнікаў, які разьмясьцілі на сайце конкурсу, піша Zerkalo. Беларусі сярод іх няма.
Як паведамляюць арганізатары, у конкурсе ў 2022 годзе прыме ўдзел 41 краіна. Італія атрымала права прымаць «Эўравізію» пасьля перамогі італьянскай групы Maneskin зь песьняй Zitti e Buoni у траўні ў Ратэрдаме ў 2021 годзе.
- У 2021 годзе арганізатары мерапрыемства адхілілі прадстаўніка Беларусі групу «Галасы ЗМеста» зь песьняй «Я навучу цябе» за залішнюю палітызаванасьць. Група «Галасы ЗМеста» падрыхтавала дзьве новыя песьні для «Эўравізіі». Аднак пазьней арганізатары конкурсу заявілі, што, старанна вывучыўшы новы матэрыял, прыйшлі да высновы, што ён таксама парушае правілы.
- У адказ на гэта Белтэлерадыёкампанія адмовілася трансьляваць конкурс. Яны аргумэнтавалі гэта рашэньне тым, што прадстаўнікі Беларусі — гурт «Галасы ЗМеста» — не дапусьцілі на конкурс. Белтэлерадыёкампанія заявіла, што прыме рашэньне аб удзеле ў «Эўравізіі-2022», калі прыйдзе час.