«Ня лепшы за Пуціна». Адзін з кіраўнікоў партыі «Яблоко» прасіў Эўрапарлямэнт не даваць прэмію Навальнаму

Сяргей Іваненка (зьлева) з Рыгорам Яўлінскім

Намесьнік старшыні партыі «Яблоко» Сяргей Іваненка прасіў Эўрапарлямэнт не даваць апазыцыянэру Аляксею Навальнаму прэмію імя Андрэя Сахарава.

Урыўкі зь ліста Іваненкі публікуе сайт «Вот так TV». Іваненка пацьвердзіў выданьню факт напісаньня ліста і патлумачыў сваю пазыцыю тым, што лічыць Навальнага палітыкам, «ня лепшым за Пуціна».

Эўрапарлямэнт да думкі Іваненкі не прыслухаўся і абвясьціў 20 кастрычніка, што зьняволены ў расейскай калёніі Навальны стаў ляўрэатам прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксею Навальнаму прысудзілі прэмію Сахарава

У сваім лісьце Іваненка, у прыватнасьці, абвінаваціў Навальнага ў падтрымцы анэксіі Крыму і ў тым, што яго погляды па ўкраінскім пытаньні супадаюць з пазыцыяй прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна. «У 2014 годзе Навальны заявіў, што „Крым належыць тым людзям, якія жывуць у Крыме, Крым застанецца часткай Расеі і ніколі больш ня стане часткай Украіны ў агляднай будучыні“. „Крым — гэта бутэрброд з каўбасой, ці што, каб вазіць яго туды-сюды?..“» — піша Іваненка, ня згадваючы пры гэтым пра выказваньні Навальнага супраць анэксіі, а таксама супраць умяшаньня Расеі ў справы Ўкраіны.

Іваненка таксама абвінаваціў Навальнага, што той некалькі гадоў таму ўдзельнічаў у дэбатах з былым камандзірам сэпаратыстаў так званай «ДНР» Ігарам Стралковым (Гіркіным). На яго думку, такія факты несумяшчальныя зь імем Андрэя Сахарава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксея Навальнага ў калёніі ўжо ня лічаць «схільным да ўцёкаў», але сталі лічыць «тэрарыстам»

У інтэрвію «Вот так TV» Іваненка сказаў, што пісаў ліст ад сябе, а не ад партыі. Прысуджэньне Навальнаму прэміі Сахарава ён назваў сумнай падзеяй для дэмакратычнага руху ў Расеі. На думку Іваненкі, Навальны — «нацыяналіст», які «распальвае прымітыўную сацыяльную варожасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навальнага ўзнагародзілі нямецкай прэміяй за ўклад у свабоду СМІ