Браты-фэрмэры выцягнулі фуру беларуса трактарамі.
30-гадовы беларускі кіроўца быў адзін, бяз грошай і харчоў, ня ведаў польскае мовы. Ягоная фура загразла на лясной дарозе ўвечары пятніцы, 15 кастрычніка. У радыюсе 5 кілямэтраў ад гэтага месца быў толькі лес і ніякіх населеных пунктаў, піша «Белсат».
Раніцай фуру пабачылі дзьве жанчыны, якія пайшлі ў грыбы. Яны паклікалі на дапамогу фэрмэраў з трактарамі, а таксама выклікалі буксір. Аднак трактары фуру выцягнуць не змаглі, і, калі прыехаў буксір, пакінулі месца падзеі. Затым высьветлілася, што кіроўца ня зможа аплаціць працу буксіроўніка.
Тады на наступны дзень, у нядзелю, браты-фэрмэры на трактарах вярнуліся да фуры і гэтым разам усё ж выцягнулі яе. Усю «ратавальную апэрацыю» адзін з мужчын здымаў на відэа.