ЭСПЧ забараніў экстрадыцыю Вадзіма Дубойскага ў Беларусь, бо пагадзіўся з довадамі абароны пра перасьлед і магчымасьці катаваньняў беларуса з боку сілавікоў. Пра гэта naviny.online паведаміла сястра Дубойскага.
9 верасьня суд у Белгарадзе прыняў рашэньне выдаць Вадзіма беларускім уладам. Рашэньне не набыло моцы, бо адвакат яго абскардзіў у апэляцыйнай інстанцыі. Але супрацоўнікі СІЗА ў Белгарадзе «не разабраліся» і 22 верасьня пачалі працэс высылкі Дубойскага ў Беларусь. 23 верасьня экстрадыцыю спынілі ў Курску, за 150 кілямэтраў ад Белгараду.
31-гадовы Вадзім Дубойскі пад вартай з 16 красавіка. У жніўні 2020 яго пабілі ў падвалах Дома правасудзьдзя ў Берасьці, а затым ён стаў фігурантам справы паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу. Ён уцёк у Расею, адтуль плянаваў перабрацца ва Ўкраіну, але быў затрыманы расейскімі памежнікамі за спробу пераходу мяжы па-за пунктам пропуску.
У Беларусі яму пагражае да 8 гадоў калёніі за «масавыя беспарадкі». Дубойскі — адзін са шматлікіх беларусаў, якіх затрымалі расейскія ўлады за ўдзел у беларускіх пратэстах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кандыдат у прэзыдэнты Міхалевіч пра палітычна матываваныя экстрадыцыі і Лукашэнку-галяграмуРасея раней, няглядзячы на рашэньне ЭСПЧ забараніць выдачу, перадала беларускаму боку палітвязьня Аляксея Кудзіна. Абарона апэлявала да таго, што Кудзіна на радзіме могуць чакаць катаваньні, але расейскі суд не пагадзіўся з рашэньнем міжнароднага суду і выдаў шматразовага пераможцу і прызэра прэстыжных спаборніцтваў у адзінаборствах.
Фактычна толькі аднаго чалавека з затрыманых пасьля жніўня 2020 году вызвалілі. Гэта блогер Мікалай Давідчык, які амаль 20 гадоў пражыў у Маскве. У Беларусі Давідчыка абвінавацілі ў грубым парушэньні грамадзкага парадку за адміністраваньне тэлеграм-чату Ліды і накіравалі запыт аб яго экстрадыцыі. У сакавіку Мікалая затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Ён правёў паўтара месяца ў СІЗА, пакуль расейская Генпракуратура нечакана не адхіліла запыт. Пасьля вызваленьня ён пераехаў у Польшчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вугоршчыне затрымалі валянтэра, які дапамагаў каля ІЧУ на Акрэсьціна, яму пагражае экстрадыцыя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Браціславе на запыт Інтэрполу затрымлівалі беларускага блогера і актывіста Яўгена Малахоўскага