У Нямеччыне лявінападобна ўзрасла колькасьць нелегальных мігрантаў з Польшчы

На польска-беларускай мяжы

Пачынаючы са жніўня, назіраецца лявінападобны рост колькасьці нелегальных мігрантаў. У фэдэральным прафсаюзе паліцэйскіх выступаюць за ўвядзеньне часовага памежнага кантролю на мяжы з Польшчай.

Пра гэта інфармуе DW.

Колькасьць нелегальных мігрантаў, якія пранікаюць у Нямеччыну празь мяжу з Польшчай, значна вырасла ў кастрычніку сёлета. Паводле дадзеных на 17 кастрычніка, яна склала каля 3000 чалавек. Пра гэта агенцтву dpa заявілі ў сераду, 20 кастрычніка, у фэдэральнай паліцыі.

У жніўні на нямецка-польскай мяжы было выяўлена 713 чалавек, якія незаконна прыбылі ў Нямеччыну, зь іх 474 — празь Беларусь. У верасьні колькасьць незаконных ўездаў праз Польшчу павялічылася да 2323 чалавек, зь іх у 1903 — празь Беларусь.

Амаль 500 нелегалаў за дзень

Расьце напружаньне і на польска-беларускай мяжы. «За мінулы дзень, 19.10, на мяжы Польшчы і Беларусі было зроблена 424 спробы незаконнага пераходу. Затрымалі шэсьць нелегальных мігрантаў: пяць грамадзян Іраку і грамадзяніна Сырыі», — гаворыцца ў паведамленьні Памежнай службы Польшчы ў Twitter.

За дапамогу нелегалам затрымалі чатырох чалавек: грамадзян Польшчы, Сырыі, Ірану і Палестыны.

Арганізавана перапраўка мігрантаў да мяжы ЭЗ

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў траўні ў адказ на ўзмацненьне санкцый з боку Эўразьвязу заявіў, што яго краіна больш ня будзе затрымліваць мігрантаў, якія спрабуюць перабрацца ў Польшчу і краіны Балтыі.

У наступныя месяцы цэлы шэраг краін ЭЗ абвінавацілі Лукашэнку ў тым, што ён арганізавана адпраўляе мігрантаў з крызісных рэгіёнаў на зьнешнюю мяжу Эўразьвязу. Польшча, Латвія і Літва ўзмацнілі жорсткасьць памежнага кантролю. Тысячы людзей, аднак, працягваюць пранікаць на іх тэрыторыю, у тым ліку з дапамогай кантрабандыстаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міграцыйны крызіс: Польшча павялічыла войскі на мяжы зь Беларусьсю, у Літве мяняюць закон аб мігрантах

18 кастрычніка кіраўнік нямецкага фэдэральнага прафсаюзу паліцыянтаў Гайка Тэгац выступіў за ўвядзеньне часовага памежнага кантролю на мяжы паміж ФРГ і Польшчай. У лісьце да фэдэральнага міністра ўнутраных спраў Горста Зэегофэра Тэгац папярэдзіў пра небясьпеку «каляпсу» на мяжы, бо колькасьць затрыманых мігрантаў «расьце амаль як выбух» ужо некалькі месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны спустошылі нашыя кішэні, а ўначы сілай адвезьлі нас да мяжы», — мігранты пра беларускіх сілавікоў

Паводле яго ацэнкі, колькасьць выяўленых нелегальных ўездаў празь мяжу з Польшчай у цяперашні час роўная адпаведнаму паказьніку на аўстрыйскай мяжы ў 2013 годзе. Прафсаюзны лідэр заявіў пра «істотную дадатковую нагрузку» на нямецкіх паліцыянтаў, а таксама пра «значную рызыку для здароўя», бо ўзровень захворваньня на каранавірус у краінах, адкуль прыбываюць мігранты, застаецца вельмі высокім.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.