Супрацоўнікі узбэцкай службы Радыё Свабода перад выбарамі прэзыдэнта краіны пачалі атрымліваць шматлікія пагрозы. Пра гэта паведамляецца на сайце міжнароднай мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Адзначаецца, што 16 кастрычніка толькі за 30 хвілін у телеграм-канале узбэцкай службы зьявіліся дзясяткі паведамленьняў з пагрозамі і абразамі ў адрас журналістаў і іх сваякоў. Паведамленьні зьмяшчалі пагрозы абезгалоўліваньня і сэксуальнага гвалту і суправаджаліся парнаграфіяй. У некаторых камэнтарах гаварылася, што «рэальная мэта „Ozodlik Radiosi“ (узбэцкай службы Радыё Свабода. РС) — арганізаваць мяцеж ва Ўзбэкістане, парушыць мір і дыскрэдытаваць нашага прэзыдэнта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Узбэкістану прызнаў рэпрэсаваных у СССР лідэраў руху басмачоў барацьбітамі за нацыянальную незалежнасьцьПагрозы паступілі з ананімных уліковых запісаў, піша Радыё Свабода, але супрацоўнікі высьветлілі, што як мінімум два паведамленьні былі напісаныя з акаўнтаў, якія прасоўваюць у сацыяльных сетках праўладную палітыку.
Прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай назваў пагрозы ў адрас узбэцкай службы «агіднымі» і заклікаў Ташкент неадкладна спыніць тактыку запалохваньня ў дачыненьні да незалежных СМІ.
Сайт узбэцкай службы Радыё Свабода заблякаваны ва Ўзбэкістане з 2019 году.
- Прэзыдэнцкія выбары ва Ўзбэкістане прызначаныя на 24 кастрычніка. ЦВК зарэгістраваў пяць кандыдатаў, сярод якіх дзейны кіраўнік дзяржавы Шаўкат Мірзіёеў ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі.
- Яго канкурэнтамі на выбарах стануць Бахр Абдухалімаў ад Сацыял-дэмакратычнай партыі «Адалат», Нарзула Абламурадаў ад Экалягічнай партыі, Алішэр Кадзіраў ад Дэмакратычнай партыі і Максуд Варысаў ад Народна-дэмакратычнай партыі.