Пракуратура Віцебскай вобласьці заявіла, што нібыта выявіла парушэньні патрабаваньняў Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» ў дзейнасьці інтэрнэт-сайта «Вольнае Глыбокае»:
«У шэрагу разьмешчаных на рэсурсе публікацый меліся фатаграфіі і відэа з сайтаў, інфармацыйную прадукцыю якіх суды раней прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. У асобных артыкулах дзейнасьць дзяржаўных органаў прадстаўлялася як незаконная, апраўдваліся і гераізаваліся асобы, якія зьдзейсьнілі правапарушэньні і злачынствы. У публікацыях нэгатыўна характарызавалася грамадзка-палітычная сытуацыя ў краіне пасьля завяршэньня выбарчай кампаніі, дыскрэдытавалася праца праваахоўнай і судовай сыстэмы краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газэта «Вольнае Глыбокае» спыніла выхад пасьля 26 гадоў працыУ выніку пракурор Віцебскай вобласьці вынес пастанову аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-сайту «Вольнае Глыбокае». Пастанову накіравалі ў Дзяржаўную інспэкцыю па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфармацыі.
З пачатку 2021 году незалежная газэта «Вольнае Глыбокае» перастала выходзіць. Год таму выйшаў яе 1000-ы нумар. «Вольнае Глыбокае» праіснавала 26 гадоў, заставаўся сайт выданьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля ператрусаў салігорскае выданьне «Лидер-пресс» вырашыла спыніць выхад ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ: За год у Беларусі зьніклі шэсьць вядомых недзяржаўных газэтаўСпыненьне выхаду недзяржаўных выданьняў
У 2020-2021 гг. перастаў выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі газэтаў «Свободные новости плюс», «Белгазета», «Газета Слонімская», «Народная Воля», «Брестская газета», «Новы час», «Рэгіянальная газета», «Информ-прогулка».
Усе названыя выданьні цяпер працуюць выключна ў сеціве, у некаторых зь іх прайшлі ператрусы ў рэдакцыях і ў супрацоўнікаў, некаторыя былі аштрафаваныя.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».