Пра гэта расказала Deutsche Welle.
«Physicians for truth and justice» («Лекары за праўду і справядлівасьць») — так называецца новая арганізацыя, створаная беларускімі мэдыкамі ў Літве. У Вільні яны адкрылі Цэнтар псыхалягічнай дапамогі, які дазваляе суайчыньнікам, што зазналі рэпрэсіі, справіцца з дэпрэсіямі і фобіямі. Працуе і кабінэт мэдыка-сацыяльнай кансультацыі. Але галоўны кірунак — праваабарончая дзейнасьць у галіне правоў пацыентаў у пэнітэнцыярных установах. Ахова здароўя ў месцах несвабоды застаецца ў Беларусі недасьледаванай тэмай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Давайце зробім зь мяне тэрарыстку па лініі Інтэрполу». Дырэктарка горадзенскага госьпісу пра яго ліквідацыю і свой перасьледДапамога беларусам у выгнаньні
Большасьць беларусаў, якія зьвярнуліся па мэдычную дапамогу ў Вільні, вымушаныя былі ўцячы з краіны, перажыўшы зьдзекі ў камэрах ізалятараў часовага ўтрыманьня або СІЗА, кажа экс-дырэктар закрытага ўладамі горадзенскага дзіцячага госьпісу і сузаснавальніца новай арганізацыі Вольга Вялічка. Дэпрэсіі і трывожныя станы пасьля такога стрэсу заканамерныя, але дапамога менавіта ў такіх крызісных сытуацыях — толькі адзін з трох кірункаў яе дзейнасьці.
Значна важней, адзначае яна, працаваць зь сямейнымі людзьмі: ва ўмовах эміграцыі пачынаюцца перамены ў асабовых устаноўках мужа і жонкі. Ранейшае жыцьцё ўжо немагчымае, і на першы плян выходзіць высьвятленьне міжасабовых адносін. А самай складанай праблемай, зь якой сутыкнуцца беларусы, прычым ня толькі ў выгнаньні, але і на бацькаўшчыне, папярэджвае Вольга Вялічка, стане псыхалягічная траўма дзяцей. Дарослыя, тлумачыць яна, могуць сфармуляваць свае праблемы псыхолягу, а дзеці — не.
Дзеці працягваюць заставацца ў стане траўмы з моманту, як яны пачулі размовы аб пратэстах унутры сям’і, як бачылі тое, што адбываецца на вуліцы, некаторыя бачылі, як сілавікі забіраюць бацькоў. Яны ўсё разумеюць, але ня могуць сфармуляваць свае перажываньні, кажа Вольга Вялічка: «Калі зараз не працаваць зь дзецьмі, то праз 10 гадоў Беларусь атрымае скалечанае пакаленьне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня выйсьці мэдыкі не маглі». Лекары пра год, які зьмяніў усёТэорыі змовы ад беларусаў
Яшчэ адну нечаканую праблему лекары выявілі ў асяродзьдзі беларусаў, калі пачалі мэдыка-сацыяльныя кансультацыі, адзначае Алег Дарашкевіч. Да свайго ад’езду зь Беларусі ён займаўся біятэхналёгіямі, а ў Вільні сутыкнуўся ня толькі з антынавуковымі ўяўленьнямі многіх суайчыньнікаў аб вакцынацыі супраць ковіду, але і з рэальнымі забабонамі.
«Я шакаваны колькасьцю памылковых уяўленьняў у людзей нават з вышэйшай адукацыяй і іх «тэорыямі змовы», — кажа Алег Дарашкевіч. Важна, адзначае ён, даваць адказныя мэдычныя паслугі, грунтуючыся на навуковым досьведзе.
Аказаньне дапамогі беларусам у выгнаньні — толькі частка працы новай ініцыятывы, адзначае экс-кіраўнік мэдычнай службы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (ДВП) МУС Васіль Завадзкі. Гэтаму ведамству, якое адказвае за мэдыцыну ў турмах і папраўчых калёніях, ён аддаў 25 гадоў свайго жыцьця.
У Беларусі дагэтуль не ўздымалася тэма права на ахову здароўя ў месцах несвабоды, адзначае ён, і гэты прабел ён хацеў бы запоўніць. У рамках грамадзкай кампаніі «Здароўе за кратамі» распачата анкетаваньне тых, хто пабываў пад арыштам. Пасьля апрацоўкі дадзеных можна будзе атрымаць хаця б мінімальную статыстыку. А задача-максымум — падрыхтаваць канцэпцыю рэформы да моманту, калі Беларусь зноў стане прававой дзяржавай.
З парушэньнямі правоў пацыента, працягвае Завадзкі, беларусы сутыкаюцца штодня. Самы просты прыклад: мэдычная карта ў паліклініцы або ў шпіталі, копію якой атрымаць на рукі можна толькі з боем. «Яшчэ калі я вучыўся ў мэдінстытуце, нас вучылі прынцыпу „доктар піша для сябе“, і не для пацыента», — адзначае Васіль Завадзкі. І калі на волі такія адносіны да грамадзянаў, то можна сабе ўявіць, як ставяцца да пацыентаў у турмах, працягвае ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сыстэма пабудаваная на прыніжэньні». На што падобныя беларускія СІЗА знутры. ФОТАГісторыі уцёкаў лекараў
Алегу Дарашкевічу 67 гадоў, у маладосьці ён разьмеркаваўся ў інстытут нэўралёгіі, а пазьней заняўся малекулярнай мэдыцынай і біятэхналёгіямі. Пасьля выхаду на пэнсію кіраваў праектам раньняй дыягностыкі захворваньняў чалавека ў Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ). У сьнежні летась ён пачаў выходзіць на маршы пэнсіянэраў, быў схоплены міліцыяй і адседзеў 14 сутак арышту.
Атрымаўшы яшчэ адну позву, ён, не задумваючыся, уцёк спачатку ў Маскву, а потым у Вільню. Трапіць у такім узросьце ў камэру, дзе восем чалавек і жудасныя ўмовы, — гэта страшна, тлумачыць Алег Дарашкевіч: «У мяне былі проста жывёльныя адчуваньні страху перад паўторнай адседкай, я баяўся, што ня вытрымаю».
Васіль Завадзкі пакінуў Беларусь пасьля таго, як у лютым падчас хвалі ператрусаў у памяшканьнях прафсаюзу РЭП сілавікі знайшлі ў канапе паляўнічы патрон. Пайшоўшы ў адстаўку, Васіль Завадзкі ня стаў ціха жыць на пэнсіі, а заснаваў арганізацыю для абароны правоў зьняволеных «ТаймАкт», якая разьмяшчалася ў адным памяшканьні з прафсаюзам.
За тры месяцы да ператрусу ён быў абраны на пасаду кіраўніка прафсаюзу РЭП і адразу, успамінае ён, атрымаў папярэджаньне, што можа зноў сустрэцца са сваімі былымі калегамі з ДВП, толькі з другога боку калючага дроту.
А Вольга Вялічка пра ад’езд гаворыць суха. У 2020 годзе яна ўваходзіла ў штаб Віктара Бабарыкі. Пасьля ягонага арышту дзьве крымінальныя справы былі заведзеныя і на яе. Але ня варта скардзіцца на якія-небудзь нягоды ўцекачоў з краіны, лічыць яна, калі 812 палітвязьняў сядзяць у турмах: «У мяне ўсё добра, я прыняла рашэньне не разглядаць сьвет праз прызму сваіх эмоцый».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Перахварэў на каранавірус, таму вырашыў прышчапіцца». Як беларусы наважваюцца на вакцынацыю