Прадстаўнік ГУБАЗіК прапанаваў пазбаўляць грамадзянства тых, хто зьехаў зь Беларусі і «ненавідзіць» яе

Сядзіба ГУБАЗіК у Менску

Вячаслаў Арлоўскі, прадстаўнік ГУБАЗіК, у інтэрвію газэце «СБ. Беларусь сегодня» агучыў ідэю пазбаўляць грамадзянства людзей, якія зьехалі з Беларусі. У тым ліку і тых, хто мае грамадзянства па нараджэньні.

Арлоўскі нагадаў, што ў чэрвені ўступілі ў сілу ініцыяваныя МУС зьмены ў закон аб грамадзянстве:

«З гэтага моманту асобы, якія набылі беларускае грамадзянства, могуць яго страціць, калі паводле выраку суду яны будуць прызнаныя вінаватымі ва ўчыненьні шэрагу злачынстваў — экстрэмісцкіх, тэрарыстычных або такіх, якія спрычынілі цяжкую шкоду інтарэсам Беларусі, — сказаў Арлоўскі. — Ёсьць у гэтым сьпісе і артыкул 361 КК, пра які цяпер гаворым. Варта адзначыць, што гэтыя зьмены мы распрацоўвалі два гады. І тады гаворка ішла толькі аб страце грамадзянства асобамі, якія гэта грамадзянства набылі, а ня сталі беларусамі па праве нараджэньня. Але я лічу, што трэба паглядзець далей. Людзі, якія зьбеглі з нашай краіны, ненавідзяць яе і сёньня працуюць у інтарэсах заходніх краін, не павінны мець права называцца беларусамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хрэн вам, а ня хуткая». Новыя сьведчаньні пра катаваньні ў турме на Акрэсьціна

Таму, на думку Арлоўскага, ёсьць неабходнасьць разгледзець пытаньне аб пазбаўленьні такіх людзей грамадзянства.

«Калі яны адвярнуліся ад краіны, чаму краіна ня можа адвярнуцца ад іх? У выніку яны ня змогуць прыехаць у Беларусь у вольным парадку, ня змогуць удзельнічаць у электаральных працэсах, грамадзка-палітычным жыцьці дзяржавы», — заявіў сілавік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК: Падпіска на тэлеграм-каналы, якія прызнаюцца «экстрэмісцкімі», не караецца